Грамадства
Энергетыкі працягваюць аднаўляць электрасеткі ў Гомельскай вобласці, мабільныя аператары і «Белтэлекам» працуюць над падключэннем сувязі
17.07.2024

187 брыгад энергетыкаў працуюць над аднаўленнем энергазабеспячэння вобласці. Задзейнічаны ўсе рэсурсы Гомельшчыны, дапамагаюць будаўнікі электрасетак з іншых рэгіёнаў Беларусі.
Старшыні аблвыканкама Івану Крупко далажылі пра гэта на пасяджэнні аператыўнага штаба па ліквідацыі наступстваў непагадзі. Работы праводзяцца паэтапна.
Генератарамі ўжо запіталі амаль 50 малых населеных пунктаў, работа працягваецца.
Сёння падраздзяленні РУП «Белтэлекам» абсталююць тэлефонную лінію, якая будзе працаваць без наяўнасці знешняга энергазабеспячэння ў 128 населеных пунктах, дзе адсутнічае сувязь.
Стацыянарны тэлефон будзе працаваць ад цэнтральнай батарэі, яго ўсталююць у адным з дамоў ці ўстаноў сацсеткі. Патэлефанаваць з такіх тэлефонаў можна будзе ўнутры Беларусі.
У той жа час больш за сорак брыгад мабільных аператараў рамантуюць свае вышкі, каб як мага хутчэй цалкам аднавіць сувязь у пацярпелых ад стыхіі раёнах.
30 генератараў закупіла абласная арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Яны накіраваны ў найбольш пацярпелыя ад стыхіі раёны.
На пасяджэнні абласнога штаба таксама стала вядома, што неабыякавыя жыхары рэгіёна з ліку прыватных прадпрымальнікаў прыносяць у Чырвоны Крыж у вялікіх аб'ёмах пітную ваду, якая размяркоўваецца па раёнах вобласці.
Аператыўная работа па ліквідацыі наступстваў урагану працягваецца.