Грамадства
Эканамічная бяспека – залог развіцця дзяржавы. Зносіны старшыні аблвыканкама Івана Крупко з работнікамі камунальных службаў гарпасёлка Карма
22.11.2023

Адна з кропак выязнога працоўнага дня губернатара сёння – камунальнае жыллёвае вытворчае ўнітарнае прадпрыемства "Карма".
Кіраўнік рэгіёна сустрэўся з калектывам, абмеркаваў з работнікамі сістэмы ЖКГ актуальныя тэмы развіцця сферы камунальнай гаспадаркі і рэспублікі ў цэлым, а таксама адказаў на пытанні з залы.
Эканамічная бяспека як ключавая ўмова ўстойлівага развіцця беларускай дзяржавы – першая тэма размовы.
– Калі будзе працаваць эканоміка, будуць плаціцца падаткі – тады будуць будавацца сацыяльныя аб'екты, выплачвацца заробкі настаўнікам, урачам, развівацца інфраструктура. Эканоміка на чале ўсяго, – акцэнтаваў увагу прысутных Іван Крупко.
Старшыня камітэта эканомікі аблвыканкама Ігар Аслюк адзначыў, што ў праекце новай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь адным з найважнейшых пунктаў з'яўляецца эканамічнае пытанне. Гэта значыць, што дзяржава асаблівую ўвагу сёння надае цэнавай і фінансавай палітыцы, харчовай бяспецы, узаемавыгаднаму супрацоўніцтву з дружалюбнымі краінамі. За апошнія 10 месяцаў у Беларусі назіраецца рост ВУП, па тэмпах мы апярэджваем шэраг краін. ВРП Гомельшчыны сфарміраваўся за гэты перыяд на ўзроўні 103,1%. Стабільна развіваюцца прамысловасць і сельская гаспадарка. Нізкі ўзровень інфляцыі забяспечвае цэнавую стабільнасць у вобласці, паступова павялічваецца інвестыцыйная актыўнасць, паляпшаецца бізнес-клімат. Назіраецца і рост рэальнай заработнай платы.
– З узмацненнем санкцый мы пераарыентавалі накірункі нашай эканомікі, дыверсіфіцыравалі рэалізацыю прадукцыі. Знайшлі новых партнёраў на Усходзе і ў Расіі. Усе прадпрыемствы працуюць, не скарацілі людзей, захавалі зарплату, – адзначыў станоўчыя моманты кіраўнік рэгіёна.
Работнікі камунальнага прадпрыемства задавалі розныя пытанні: аб рамонце электрасетак і дарог, пераабсталяванні дзіцячай школы мастацтваў, будаўніцтве новых буйных вытворчасцяў. У прыватнасці, жыхароў гарпасёлка цікавіла, ці плануецца працягваць будаўніцтва дарогі з Кармы ў Чачэрск. Як заўважыў старшыня аблвыканкама, 7 кіламетраў трасы ўжо зроблена, засталося яшчэ 8 кіламетраў, у наступным годзе іх пракладуць. Што тычыцца пераводу дзіцячай школы мастацтваў у больш прасторны будынак, пытанне таксама вырашана: раённыя ўлады знайшлі новае памяшканне, пасля рамонту школа пераедзе туды.
Завяршыў сустрэчу Іван Крупко пажаданнем калектыву: прадпрыемства павінна не толькі разлічваць на бюджэт, але і думаць, як зарабіць дадатковыя сродкі, укараняць новыя віды паслуг. Менавіта супрацоўнікаў ЖКГ чакае самая напружаная праца напярэдадні абласных дажынак, якія ў 2024 годзе сустрэне гарпасёлак Карма. Гэта капітальны і бягучы рамонт, добраўпарадкаванне, мадэрнізацыя важных для насельніцтва аб'ектаў.