Дзве тысячы за плячыма. На Гомельшчыне ўшаноўвалі механізатара – лідара жніва

Першым у вобласці дзве тысячы тон збожжа намалаціў Яўген Кабік з агракамбіната «Холмеч» Рэчыцкага раёна.
Тры тыдні таму механізатара віншавалі з першай тысячай у рэгіёне, а сёння аграрый пакарыў новую вяршыню ў індывідуальным збожжавым заліку.
Старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Анатоль Гапонік падзякаваў лідару за штодзённую карпатлівую працу і пажадаў добрага надвор'я, далейшых поспехаў. Да віншаванняў далучыўся старшыня Рэчыцкага райвыканкама Сяргей Даўгалёў, прафсаюзы, калектыў.
Працуе двухтысячнік на гомсельмашаўскім камбайне. У размове з прэсай прызнаўся, што для сябе паставіў мэту – намалаціць не менш за пяць тысяч тон, таму на дасягнутым не спыняецца. Адразу пасля ўзнагароджання Яўген Кабік зноў адправіўся ў поле: на рахунку кожная хвіліна.
У Гомельскай вобласці ўбрана больш за 40% збожжавых і зернебабовых культур. Усяго мяжу ў тысячу тон збожжа перасягнулі 35 экіпажаў, 55 перавезлі тысячу тон збожжа і больш.