Грамадства
Дзмітрый Алейнікаў сустрэўся з работнікамі хімзавода і навучэнцамі машынабудаўнічага каледжа ў Гомелі
21.02.2024

З намеснікам старшыні аблвыканкама гаварылі аб выбарах, цвёрдай грамадзянскай пазіцыі, развіцці Гомеля і вобласці.
У час гутаркі з калектывам хімічнага завода намеснік старшыні аблвыканкама закрануў шэраг тэм, сярод іх нарошчванне хімічным гігантам экспарту, пытанні якасці. Але галоўнай тэмай стаў адзіны дзень галасавання ў Беларусі 25 лютага. Сустрэча, дарэчы, прайшла ў дзень пачатку папярэдняга галасавання, да таго моманту нямала беларусаў ужо паспелі наведаць выбарчыя ўчасткі.
Як паказвае мінулы вопыт электаральных кампаній, заўважыў Дзмітрый Алейнікаў, выбар у нас заўсёды быў невялікі, і гэта пры тым, што кандыдатаў хапала. Па сутнасці, мы выбіралі паміж хаосам і эвалюцыйным развіццём. Выбары – не шоу, а быць дэпутатам – не прывілегія, а высокая адказнасць. У любым выпадку, Беларусь ідзе сваім шляхам, які выбірае народ. І хай гэты шлях не падобны да таго, што нам настойліва прапануюць "настаўнікі дэмакратыі" з Захаду. Наш выбар – стабільнасць, незалежнасць, здаровы сэнс і канструктыў.
На сустрэчы з навучэнцамі Гомельскага дзяржаўнага машынабудаўнічага каледжа, дзе таксама падрабязна абмеркавалі тэму выбараў, працаваў адкрыты мікрафон, хлопцы задалі пытанні, якія іх цікавяць. Спыталі, да прыкладу, пра галоўныя якасці сучаснага кіраўніка. У адказе прагучала, што акрамя наяўнасці лідарскіх рыс, перспектыўныя кіраўнікі павінны мець цвёрдую грамадзянскую пазіцыю, быць патрыётамі краіны і разбірацца ў палітыцы. А яшчэ, упэўнены Дзмітрый Алейнікаў, каб стаць паспяховым у любой справе, трэба шмат і добра вучыцца.
Адказваючы на пытанне аб развіцці Гомеля і вобласці ў цэлым, намеснік старшыні аблвыканкама расказаў аб ужо адкрытай Лядовай арэне ў Светлагорску, хуткім адкрыцці басейна на Валгаградскай у Гомелі, узвядзенні мемарыяльнага комплексу ў Азарычах, рэканструкцыі мемарыяла ў Чырвоным Беразе, а таксама аб вяртанні да планаў па будаўніцтве Усходняга абыхода вакол абласнога цэнтра.