Грамадства
Дзень беларускай навукі адсвяткавалі на Гомельшчыне
26.01.2024

Маладыя даследчыкі і вопытныя вучоныя сабраліся сёння ў АКЦ на ўрачыстасць, прысвечаную Дню беларускай навукі і 95-годдзю Нацыянальнай акадэміі навук.
У навуковай сферы рэгіёна працуюць больш за 2000 чалавек. Гэта 130 даследчыкаў, два акадэмікі, 24 доктары навук і 106 кандыдатаў навук. Інавацыйнае развіццё вобласці падтрымліваюць 30 арганізацый: пяць інстытутаў НАН Беларусі, шэсць ВНУ, шэсць прамысловых прадпрыемстваў, дзве прыродаахоўныя ўстановы, адзін медыцынскі цэнтр і іншыя.
Узнагародамі рознага ўзроўню адзначаны супрацоўнікі ўніверсітэтаў, прамысловых прадпрыемстваў, РНПЦ. Узнагарод удастоены і асобныя арганізацыі Гомельшчыны. Іх уручылі губернатар Іван Крупко, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зянкевіч, галіновыя прафсаюзы, гарадскія ўлады. Лаўрэаты здзейснілі адкрыцці ў галіне медыцыны, вывелі новыя сарты сельгаспрадукцыі, умацавалі інавацыйны патэнцыял рэгіёна.
– Добра, што ў нас захоўваецца пераемнасць: масцітыя вучоныя, іх таленавітыя вучні і зусім юныя самародкі. У год якасці рэальны сектар эканомікі чакае ад вучоных вобласці новыя сучасныя тэхналогіі і інавацыйныя рашэнні. Навука справядліва лічыцца нацыянальным рэсурсам, нязменным складальнікам эканамічнага росквіту дзяржавы, закладвае будучыню краіны. Мы гатовы падтрымаць кожную ідэю, самыя лепшыя распрацоўкі, – адзначыў старшыня аблвыканкама Іван Крупко.
Лепшым маладым вучоным Гомельскай вобласці 2023 года прызналі Уладзіслава Волчыка, аспіранта кафедры грамадскага здароўя і аховы здароўя Гомельскага дзяржаўнага медуніверсітэта. Узнагароду ён атрымаў за работу аб інавацыйных тэхналогіях кіравання рызыкамі ў скрынінгу анкалагічных захворванняў.
– Адразу пасля заканчэння ўніверсітэта зразумеў, што хачу далей займацца актуальнай праблематыкай для вырашэння надзённых праблем у сістэме аховы здароўя краіны. Ужо цяпер нашы распрацоўкі даюць свой плён, бачны відавочны рост выяўлення захворванняў на ранняй стадыі. На мой погляд, гэта прыклад таго, што навука мае прыкладны характар, лёгка і канкрэтна імплементавана ў сістэму, у практычную работу любой сферы дзейнасці чалавека, – расказаў малады вучоны.
Над дысертацыяй Уладзіслаў працуе больш за два з паловай гады. За гэты час не раз выязджаў у калектывы прадпрыемстваў, малыя населеныя пункты.
За дасягненне значных вынікаў пры правядзенні навуковых даследаванняў дыпломы аблвыканкама атрымалі яшчэ чатыры маладыя вучоныя: Вячаслаў Мурашка і Анастасія Смык з ГДУ імя Ф. Скарыны, Іван Грамыка і Аляксандр Атока з БелДУТа. Яны распрацавалі інавацыйныя праекты ў галіне псіхалогіі, электратэхнікі, вышэйшай матэматыкі, рамонту пасажырскіх вагонаў.
Юбілейны медаль "85 гадоў Гомельскай вобласці" Іван Крупко ўручыў Віктару Старжынскаму. У снежні вучоны адзначыў 90-годдзе, амаль 60 гадоў ён прапрацаваў у Інстытуце механікі металапалімерных сістэм імя У. А. Белага. На рахунку вучонага 180 навуковых прац, 71 патэнт, тры пасведчанні аб рэгістрацыі камп'ютарных праграм. Ужо чатыры гады Віктар Яўгеньевіч на пенсіі, але працягвае працаваць з моладдзю і выступаць на кангрэсах з дакладамі не толькі ў Беларусі, але і за мяжой.