Грамадства
Для пажылых людзей і інвалідаў: у аблвыканкаме абмеркавалі пытанне адкрыцця аддзялення начнога знаходжання ў гарадскім пасёлку Карма
21.05.2025

Магчымасць арганізацыі аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян з інваліднасцю і людзей пажылога ўзросту ў Кармянскай ЦРБ старшыня аблвыканкама Іван Крупко абмеркаваў з зацікаўленымі службамі. Удзел у нарадзе прыняў памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці Руслан Пархамовіч.
Даручэнне кіраўнік рэгіёна даў у лістападзе 2024 года. Сёння губернатар выслухаў меркаванне юрыстаў, прадстаўнікоў сацыяльнай абароны, фінансавай службы, медыкаў. Абмяркоўвалі ў тым ліку магчымасць размяшчэння ў аддзяленні жыхароў з усёй вобласці.
– Людзі залатога ўзросту павінны абслугоўвацца годна, пражываць у камфортных умовах. Сёння нам неабходна зразумець, ці патрэбны змены ў заканадаўстве або дадатковыя кансультацыі з профільнымі міністэрствамі, каб адкрыць падобнае аддзяленне, – падкрэсліў Іван Крупко.
Плюсамі арганізацыі аддзялення кругласутачнага знаходжання на базе бальніцы старшыня аблвыканкама назваў суседства з медыцынскімі работнікамі, магчымасць пасяліць там адзінока пражываючых грамадзян, якія не могуць самастойна даглядаць за сабой, а таксама адсутнасць праблем з пошукам новага будынка.
Медыкі і сацыяльная служба ідэю праекта падтрымалі: бальніца разлічана на 160 ложкаў, цяпер выкарыстоўваецца 88. Пры гэтым магутнасці харчблока Кармянскай ЦРБ дазваляюць прыгатаваць ежу для дадатковай колькасці людзей. Працаваць у аддзяленні могуць супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання. Засталося толькі прапрацаваць некаторыя пытанні фінансавання.
– Існуючыя супярэчнасці можна вырашыць, тады ўсе службы прыйдуць да адзінага меркавання. У памяшканнях правядзем рамонт, аснасцім іх неабходным абсталяваннем, калі спатрэбіцца, закупім мэблю, – падсуміраваў губернатар.