Грамадства
Дэпутаты прынялі законапраект аб дарожным руху ў другім чытанні
29.01.2025

Праект закона ўнесены Саветам Міністраў 17 снежня і прыняты Палатай прадстаўнікоў у першым чытанні 10 студзеня 2025 года. Законапраект накіраваны на ўдасканаленне грамадскіх адносін, якія ўзнікаюць пры прадастаўленні права кіравання колавым трактарам і самаходнай машынай.
У прыватнасці, праектам закона прапануецца зніжэнне ўзросту асобы, якая можа атрымаць права кіравання самаходнай машынай сельскагаспадарчага прызначэння (катэгорыя F), з 18 да 17 гадоў і павелічэнне максімальна дапушчальнай магутнасці рухавіка для колавых трактароў і самаходных машын катэгорый С, D, Е, F.
Законапраектам таксама прадугледжана, што не спатрэбіцца замена раней выдадзеных вадзіцельскіх пасведчанняў на права кіравання колавым трактарам, самаходнай машынай. Такія пасведчанні захоўваюць сваё дзеянне на працягу тэрміну, на які яны былі выдадзены, і пацвярджаюць права кіравання колавымі трактарамі, самаходнымі машынамі катэгорый, пазначаных у гэтых пасведчаннях.
З улікам прапановы, выказанай дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў у ходзе разгляду гэтага законапраекта ў першым чытанні, для апертыўнай рэалізацыі прапанаваных навацый у яго ўнесены змяненні, накіраваныя на скарачэнне тэрміну ўступлення ў сілу закона "Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь "Аб дарожным руху" з шасці месяцаў да двух.