Грамадства
Дэлегацыю з Бранска сустракае паўднёва-ўсходні рэгіён Беларусі
31.01.2024

Візіт стартаваў з афіцыйнай сустрэчы ў аблвыканкаме. Планы на 2024 год абмеркавалі губернатары Іван Крупко і Аляксандр Багамаз, іх намеснікі, кіраўнікі дэпутацкіх карпусоў Кацярына Зянкевіч і Валянцін Субат.
– За два гады нашы ўзаемаадносіны дасягнулі высокага ўзроўню. Я б назваў яго стратэгічным. Гэта прыклад міжнароднага супрацоўніцтва, – пачаў сустрэчу старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко. – Летась у нас было дзесяць сустрэч, у пачатку 2024-га ў Маскве мы зрабілі рэвізію вектараў, па якіх развіваюцца нашы адносіны.
Кіраўнік беларускага рэгіёна заўважыў, што трэба развіваць сельскую гаспадарку, прамысловасць, будаўніцтва, маладзёжную палітыку, але ўжо ў іншых плоскасцях, даць ім новы імпульс.
Губернатар Бранскай вобласці Аляксандр Багамаз пагадзіўся з такой думкай і запрасіў калег на традыцыйныя Дні поля, а таксама прапанаваў падключыцца да будаўніцтва спартыўных аб'ектаў у Злынцы і Навазыбкаве:
– Задачы і планы, якія вы агучылі, важныя і для нас, і для вас. За апошнія гады тавараабарот Браншчыны з Беларуссю вырас амаль да мільярда долараў ЗША. І асноўны наш партнёр у вашай краіне – Гомельская вобласць. Думаю, удзел у Днях поля паслужыць імпульсам для развіцця яе прадпрыемств.
Абмеркавалі развіццё сумеснага прадпрыемства «Брансксельмаш» і іншыя напрамкі. Таксама Аляксандр Багамаз прапанаваў прапрацаваць пытанне рэалізацыі праекта па аснашчэнні малочнатаварных ферм абсталяваннем з паўднёва-ўсходняга рэгіёна Беларусі. Губернатар Бранскай вобласці падкрэсліў важнасць збліжэння моладзі. Для гэтага найперш сёння і праводзіцца хакейны турнір паміж нашымі зборнымі, падкрэсліў ён.
На заканчэнне сустрэчы Іван Крупко ўручыў намеснікам расійскага калегі Барысу Грыбанаву, Мікалаю Лучкіну, Мікалаю Сіманенку медалі да 85-годдзя Гомельскай вобласці.
Бранчан запрасілі на адкрыццё дзён Гомельскай вобласці на ВДНГ у Маскве, Дзень Незалежнасці, а таксама на трэці бізнес-форум рэгіёнаў.