Грамадства
Cталі вядомы імёны дэлегатаў УНС ад мясцовых Саветаў дэпутатаў Гомельскай вобласці
09.04.2024

Дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу выбралі на сесіі абласнога Савета дэпутатаў.
Рэгіён прадставяць 55 народных абраннікаў – 11 ад абласнога Савета дэпутатаў, 22 – ад раённых і гарадскога Саветаў, 22 – ад Саветаў першаснага ўзроўню. Гэта кіраўнікі і работнікі прадпрыемстваў, работнікі ўстаноў адукацыі, аховы здароўя, культуры – прадстаўнікі ўсіх сфер грамадства. Адным словам, людзі з вялікім досведам, актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, гатовыя працаваць на карысць краіны і жыхароў Гомельшчыны.
– Усебеларускі народны сход заўсёды адыгрываў важную ролю ў гісторыі сучаснай Беларусі. Згодна з новым канстытуцыйным статусам УНС, гэта вышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя, які забяспечвае непарушнасць канстытуцыйнага ладу, пераемнасць пакаленняў і грамадзянскую згоду, – падкрэсліла старшыня абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зянкевіч.
Веткаўскі раён прадставіць дэпутат Хальчанскага сельскага Савета Віталь Жалтанагін:
– Вельмі ганарова і адказна быць дэлегатам ВНС. Лічу, што дэпутаты мясцовых саветаў дэпутатаў змогуць прадстаўляць інтарэсы простага чалавека на рэспубліканскім узроўні і прасоўваць пазітыўныя ідэі жыхароў раёнаў.
Дырэктар Гомельскага хімзавода Дзмітрый Чарнякоў будзе ўдзельнічаць у рабоце УНС у трэці раз:
– Кожны з абраных сёння дэлегатаў варты прадстаўляць інтарэсы розных слаёў грамадзян нашай вобласці і вырашаць, што будзе заўтра з нашымі дзецьмі і дзяржавай. Упэўнены, што набыты вопыт дазволіць мне прынесці карысць беларускаму грамадству.
На працягу пяці гадоў дэлегаты будуць прымаць важнейшыя рашэнні па далейшаму развіццю нашай краіны.
Удзел у сесіі прыняў памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Горлаў.