Гомельскі абласны выканаўчы камітэт

Адрес облисполкома

Адрас: 246050, Гомель, пр. Леніна, 2
Галоўная | Грамадства
Грамадства

Чакаем рыўка ў АПК. На пасяджэнні аблвыканкама абмеркавалі нарыхтоўку кармоў, ацанілі гатоўнасць да ўборачнай кампаніі і стан спажывецкага рынку

25.06.2025
Увагу акцэнтавалі таксама на захаванні ў галіне ветэрынарна-санітарных правілаў пры пахаванні жывёлы. Вёў пасяджэнне старшыня аблвыканкама Іван Крупко.

 

Уборачная ўжо на носе

Аграрыі Гомельшчыны актыўна ўмацоўваюць кармавую базу, травы першага ўкосу скошаны на 80% запланаванай плошчы. Ураджай не назавеш багатым, вясна не песціла надвор'ем, і майскія замаразкі ўнеслі свае карэктывы, скараціўшы чаканыя аб'ёмы ўборкі як па шэрагу асноўных культур, так і па травах.

 Аднак цяпер нябесная канцылярыя спрыяе працаўнікам палёў. У графіку ідзе нарыхтоўка сена і сенажу. Адзначаны поспех у гэтым кірунку аграрыяў Веткаўскага, Чачэрскага, Кармянскага, Лельчыцкага раёнаў.

 Але ў сферы корманарыхтовак ёсць і аўтсайдэры. Губернатар запатрабаваў падцягнуць гэтую працу ў Светлагорскім, Гомельскім, Акцябрскім, шэрагу іншых раёнаў.

 У вобласці таксама неабходна ўзмацніць працу мехатрадаў па нарыхтоўцы кармоў. Не пазяхаць, як было сказана, адсочваць працэнт вільготнасці на палях, пры патрэбным узроўні тут жа выводзіць тэхніку. Гэта тычыцца не толькі мехатрадаў – усіх гаспадарак.

 "Рыўка ў АПК, у нарыхтоўцы кармоў, вытворчасці малака і мяса, пакуль не відаць. Трэба дадаваць", – сказаў на заканчэнне старшыня аблвыканкама.

 Набірае тэмпы падрыхтоўка да найважнейшай кампаніі аграрнага сезона – уборкі збожжавых. Пазначаны кантрольны тэрмін: да 1 ліпеня гатоўнасць збожжаўборачнай тэхнікі павінна быць стоадсоткавай.

 У рэгіёне сфарміраваны 22 мабільныя брыгады майстроў-рамонтнікаў, яны валодаюць спецаўтамабілямі, неабходнымі запчасткамі, могуць аператыўна выязджаць і абслугоўваць камбайны, іншую тэхніку прама ў полі, у любы час сутак.

 Актыўна прапрацоўваюцца пытанні арганізацыі адвозкі збожжа, выканання дзяржзаказу на месцах, падрыхтоўкі зернесушыльнага абсталявання.

 У гэтым годзе, было падкрэслена, трэба менш наракаць на надвор'е. Умовы адназначна лепш, чым у 2024-м. У дадатак у патрэбных аб'ёмах унесены ўгнаенні, сродкі абароны раслін. Таму скаргі на нізкія ўраджаі з адсылкай на халодную вясну, дажджы прымацца не будуць.

 

Адказваць не грашыма, а галавой

 Дэталёва разабралі тэму адпаведнасці месцаў пахавання сельскагаспадарчай жывёлы ветэрынарна-санітарным правілам. Такіх месцаў у рэгіёне 218. У ходзе праверак у розных раёнах устаноўлены парушэнні, сярод найбольш тыповых адсутнасць траншэй па перыметры, замкаў на варотах, перапаўненне жывёльных могільнікаў, недахопы ў працы з дакументацыяй. З пачатку года да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 15 службовых асоб, 9 з іх – за невыкананне выдадзеных прадпісанняў.

 "Сутнасць не ў штрафах, а ў пастаўленай працы", – адзначыў Іван Крупко. Пры распаўсюджванні хвароб, забруджванні прыроды нельга абыходзіцца толькі грашовымі спагнаннямі, вінаватыя павінны несці куды больш сур'ёзную адказнасць.


 І ніяк інакш

 У апошнія гады спажывецкі рынак на Гомельшчыне працуе дастаткова стабільна і збалансавана, гандлёвая галіна спраўляецца з даведзенымі паказчыкамі. Не назіраюцца скокі коштаў, скарачаецца колькасць скаргаў з боку насельніцтва. Сфарміравана шырокая сетка гандлёвых аб'ектаў, хоць, вядома, яна дынамічна змяняецца, хтосьці шукае сваё месца пад сонцам. Для рынкавай эканомікі гэта нармальна, і спажывец у выйгрышы – яму прадастаўляецца больш шырокі выбар.

 Працягвае расці папулярнасць онлайн-гандлю. Выконваюцца стандарты ў галіне грамадскага харчавання. Хоць у трох раёнах, Чачэрскім, Буда-Кашалёўскім і Веткаўскім, пастаўлена задача павялічыць колькасць пасадачных месцаў ва ўстановах.

 Асаблівая цікавасць у кіраўнікоў вобласці да сферы спажывецкай кааперацыі – сетка гэтых аб'ектаў абслугоўвае галоўным чынам сельскую мясцовасць, у тым ліку з дапамогай аўталавак. На сёння ў парку 66 "крам на колах".

 Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, спажыўкааперацыя адчувае сябе ўпэўнена, развіваецца, а ў асобных раёнах паказвае важкія прыбыткі. Аднак, як заўважыў старшыня аблвыканкама, дапамога аказваецца не проста такперад галіной пастаўлены пэўныя задачы, якія неабходна выконваць. У прыватнасці, забяспечваць сельскае насельніцтва, уключаючы аддаленыя населеныя пункты, роўнымі магчымасцямі з іншымі грамадзянамі краіны. Сацыяльныя стандарты павінны выконвацца і ў глыбінцы, ніяк інакш.

 Яшчэ адзін важны момантзабеспячэнне харчовай бяспекі. За гэта адказная не толькі гандлёвая галіна, але і ў ёй павінны прыкладацца сур'ёзныя намаганні, каб у спажыўцоў была патрэбная колькасць прадуктаў, даступных па цане і ў шырокім асартыменце. Важна выключыць скаргі на "дробную бульбу", недахоп яблыкаў, іншыя недапрацоўкі. У краіне дастаткова развіты аграрны сектар, каб не сутыкацца з падобнымі праблемамі.

 Удзел у рабоце пасяджэння прынялі памочнік Прэзідэнтаінспектар па Гомельскай вобласці Руслан Пархамовіч, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зянкевіч.

К СПИСКУ НОВОСТЕЙ