Грамадства
Больш за 140 ветэранаў паўднёва-ўсходняга рэгіёна Беларусі атрымаюць юбілейны знак "80 гадоў вызвалення Гомельскай вобласці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў"
15.04.2024

Першы медаль старшыня аблвыканкама Іван Крупко ўручыў удзельніцы Вялікай Айчыннай вайны Аэліце Самсонавай.
– Вы зусім маладзенькай дзяўчынкай пайшлі на фронт. Гісторыя вашага жыцця для нас сапраўдны прыклад таго, як трэба абараняць Радзіму і працаваць на яе карысць, – падкрэсліў губернатар.
Да віншаванняў далучыліся старшыня абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зянкевіч і памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Горлаў.
Аэліта Самсонава падзялілася ўспамінамі аб тым, як працавала ў шпіталі ў гады вайны: на адну медсястру прыходзілася па сто параненых, а дактары часам не адыходзілі ад аперацыйнага стала па некалькі сутак:
– Мы не толькі лячылі салдат, але і кармілі, паілі, спявалі ім песні, расказвалі вершы. Імкнуліся адцягнуць ад цяжкіх дум, пісалі і чыталі лісты. А яшчэ хадзілі здаваць кроў.
Ветэран расказала, што 9 Мая для яе асаблівае свята:
– Дзень Перамогі наогул ніколі не забываем. Мы здабылі свабоду нашай вялікай краіны і абаранілі яе. За гэтыя 80 гадоў Беларусь стала самай лепшай у свеце рэспублікай. Я люблю яе лясы, палі і людзей.
Удзельніца Вялікай Айчыннай падзякавала кіраўніцтву вобласці за нагрудны знак:
– Дзякуй вялікі, гэта вельмі ўрачысты момант у маім лёсе. Жыццё добрае і жыць добра, трэба кожны дзень яму ўсміхацца!
Нагрудны знак напярэдадні Дня Перамогі атрымаюць ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, былыя вязні лагераў, турмаў, гета і іншых месцаў прымусовага ўтрымання, створаных фашыстамі і іх саюзнікамі ў гады Другой сусветнай вайны, беларусы і замежныя грамадзяне, што бралі ўдзел у вызваленні Беларусі, ваеннаслужачыя і работнікі дзяржорганаў, якія ўнеслі значны ўклад у патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення.