Гомельскі абласны выканаўчы камітэт

Адрес облисполкома

Адрас: 246050, Гомель, пр. Леніна, 2
Галоўная | Грамадства
Грамадства

Асабісты прыём грамадзян правёў намеснік старшыні аблвыканкама Андрэй Бараноўскі

29.11.2023
На прыём прыйшлі 13 чалавек. Узнімаліся пытанні сферы ЖКГ, водаадвядзення, дарожнай гаспадаркі, навядзення парадку на зямлі.

Жыхаркі гомельскага мікрараёна Новае Жыццё Вольга і Наталля папрасілі зрабіць тратуар да прыпынкаў грамадскага транспарту. Людзі вытоптваюць дарожкі ў зялёнай зоне, ходзяць па абочынах дарог. Добра было б устанавіць дадатковы прыпыначны пункт, дадалі жанчыны. Два прыпынкі ёсць, патрэбны трэці. Спадзяюцца жыхары мікрараёна і на разваротнае кольца, гэта паскорыць праходжанне транспарту. Як адзначыў Андрэй Бараноўскі, тратуары ў горадзе патрэбны, але толькі там, дзе дастатковая праходнасць пешаходаў. Сітуацыю вывучаць у бліжэйшы час, пры неабходнасці ўключаць тратуар у графік работ, адшукаюць сродкі. Што тычыцца прыпынку, то ў краіне дзейнічаюць жорсткія нарматывы, дзе прапісаны інтэрвалы паміж пунктамі. Калі трэці пункт можна размясціць, яго паставяць. А вось работы па разваротным кольцы ўжо пачаліся, будаўнікі рыхтуюць аснову.

Гамяльчанка Алена паскардзілася на шум цеплавузла, які замінае спаць. У тэхнічнага аб'екта агульная сцяна з кватэрай. Пытаннем ужо займаліся камунальнікі, зрабілі шумаізаляцыю. Гудзіць ужо не так моцна, прызнае заяўніца, але праблема засталася. Вырашана правесці дапрацоўкі, аптымізаваць само абсталяванне, уключаючы мацаванне да сцен.

Таццяна Канстанцінаўна баіцца за свой прыватны дом па вуліцы Леванеўскага ў Гомелі, яму пагражае ліпа, крона якой навісае над дахам. Спецыялісты прызналі дрэва безаварыйым. Аднак яно старое, не менш за 40 гадоў. І сапраўды небяспечнае, асабліва пры моцным ветры. Даручана ўстараніць праблему ў сціслыя тэрміны, папоўніўшы па нарматывах зялёныя насаджэнні ў іншым месцы.

Ала Аляксееўна расказала пра дрэнны стан дваровай тэрыторыі каля яе дома па вуліцы Агарэнкі ў Гомелі. Ямачны рамонт не рабілі шмат гадоў. Намеснік старшыні аблвыканкама распарадзіўся высветліць усё па гэтым пытанні, канкрэтным двары і назваць жыхарам дакладны тэрмін пачатку рамонтных работ.

Марыя Цярэнцьеўна з вёскі Пракісель Рэчыцкага раёна прасіла, каб вярнулі доступ да калодзежа, які адгарадзіў плотам сусед, хаця калодзеж на сумежнай тэрыторыі. Вада пенсіянерцы патрэбна для піцця, яна незадаволена якасцю водаправоднай. Андрэй Бараноўскі даручыў раённым службам выехаць на месца і ў месячны тэрмін зняць пытанне, а таксама разабрацца з якасцю водаправоднай вады ў вёсцы.

Падчас прыёму таксама абмяркавалі работу ліўневай каналізацыі, праверку дзейнасці жыллёвага кааператыва, аказанне юрыдычнай дапамогі ў пытаннях жыллёвага заканадаўства. Усе звароты, якія паступілі намесніку старшыні аблвыканкама, узяты на кантроль, заяўнікі атрымаюць пісьмовыя тлумачэнні.
К СПИСКУ НОВОСТЕЙ