Грамадства
Акцябршчына рыхтуецца да правядзення абласнога фестывалю "Дажынкі" і прыёму гасцей
15.11.2023

Аб ступені гатоўнасці гарпасёлка на пасяджэнні аргкамітэта далажыла старшыня Акцябрскага райвыканкама Ірына Намочанка.
Акцябрскі падрыхтаваў для ўдзельнікаў свята шмат яркіх фарбаў. І лістападаўскае надвор'е не зможа гэтаму перашкодзіць.
Нагадаем, абласное свята працаўнікоў вёскі адбудзецца ў суботу, 18 лістапада. Да гэтай яркай падзеі раён старанна рыхтаваўся і абнаўляўся. Адрамантаваны жылыя дамы і дарогі, добраўпарадкаваны прыдамавыя тэрыторыі і дарожныя палосы ўздоўж рэспубліканскіх трас. Рэканструяваны і мадэрнізаваны многія будынкі і збудаванні, аб'екты інфраструктуры.
Прыкметна змяніўся жылы фонд. У чатырох шматкватэрных дамах завершаны капітальны рамонт, бягучы праведзены ў 28 дамах. У лістападзе плануецца здача ў эксплуатацыю 38-кватэрнага жылога дома, ён знаходзіцца на ўездзе ў гарпасёлак.
Асаблівую ўвагу ў рамках падрыхтоўкі да свята надалі дарогам. Абноўлены асноўныя транспартныя артэрыі ў Акцябрскім – вуліцы Фрунзе, Калініна, Дзяржынскага. Практычна завершаны работы па Пралетарскай, Я. Купалы, Сасновай. Да канца года адрамантуюць шэраг вуліц у мікрараёне, праезд Меліяратара, вуліцы Чкалава, Партызанскую і іншыя. Паўсюль разбіты кветнікі і клумбы. У новым мікрараёне з'явіўся другі ў раёне мурал, прысвечаны Герою Савецкага Саюза, партызану Фёдару Паўлоўскаму.
Адрамантаваны басейн дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, першы паверх паліклінікі. Новымі фарбамі зайгралі фасады ўстаноў адукацыі, культуры, санітарнай службы. У заапарку ўсталяваны касавы павільён. На ўездзе ў райцэнтр з'явіліся тры новыя архітэктурныя знакі.
Змяніліся і тэрыторыі ўздоўж рэспубліканскіх трас, акультураныя сельскагаспадарчыя землі агульнага карыстання, знесены старыя пабудовы. Расчышчаны лясныя масівы ля дарог рэспубліканскага і абласнога значэння. Адрамантаваны ўчасткі дарог Р-82 Акцябрскі – Парычы – Рэчыца, Р-34 Асіповічы – Глуск – Азарычы з заменай павільёнаў, уладкаваннем стаянкі ля памятнага знака «Беларусь партызанская». Уздоўж асноўных трас устаноўлены тэматычныя малыя архітэктурныя формы.
Акрамя таго, завершаны работы на аб'ектах чыгуначнай транспартнай інфраструктуры, лініях ЛЭП, устаноўлены новыя агароджы і інфармацыйныя ўказальнікі на шэрагу вуліц. Працягваецца рэканструкцыя стадыёна. Да 15 лістапада плануецца завяршыць узвядзенне спартыўна-забаўляльнай пляцоўкі на вуліцы Партызанскай.
Ірына Намочанка асобна спынілася на маштабнай рэканструкцыі цэнтральнай плошчы ў Акцябрскім. Менавіта яна стане асноўным месцам правядзення свята. Тут абноўлены помнік, устаноўлена Дошка гонару, добраўпарадкавана аўтамабільная паркоўка. Прыкметна змянілася і Алея герояў, на ёй з'явіліся новыя архітэктурныя аб'екты.
Урачыстае ўшанаванне працаўнікоў вёскі пройдзе ў цэнтры вольнага часу, дзе адрамантаваны глядзельная, танцавальная залы, фае і іншыя памяшканні.
– Акцябрскі раён гатовы да правядзення абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі "Дажынкі-2023" і прыёму гасцей, – падагульніла старшыня райвыканкама.