Грамадства
Ад безвыходнасці да рэабілітацыі зямель і адраджэння: У Гомелі прайшоў мітынг у памяць аб трагедыі на ЧАЭС
26.04.2025

У Дзень чарнобыльскай трагедыі старшыня аблвыканкама Іван Крупко прыняў удзел у мітынгу ля храма Святога Архангела Міхаіла ў Гомелі. Гэта адзіная ў Беларусі царква, перанесеная з зоны адчужэння – вёскі Вылева Добрушскага раёна.
– Гэты храм – сімвал адраджэння пацярпелых чарнобыльскіх зямель. Прайшло ўжо 39 гадоў з таго дня, які падзяліў жыцці тысяч людзей на да і пасля. За гэтыя доўгія гады мы прайшлі стадыі ад поўнага адчаю і безвыходнасці да рэабілітацыі зямель і адраджэння тэрыторый.
Больш за 300 тысяч чалавек былі вымушаныя пакінуць свае родныя мясціны, але большасць прыняла рашэнне застацца тут, на сваёй малой радзіме. Прэзідэнт і ўрад падтрымалі патрыётаў і кінулі ўсе сілы на стварэнне бяспечных умоў пражывання на гэтых тэрыторыях, – падкрэсліў кіраўнік рэгіёна.
Памяць аб ліквідатарах і загінуўшых у выніку аварыі ўшанавалі хвілінай маўчання, да памятнага знака на тэрыторыі храма ўсклалі кветкі.
Удзел у мітынгу прынялі памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці Руслан Пархамовіч, член Савета Рэспублікі, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зянкевіч.
Архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан здзейсніў літыю, удзельнікі мітынгу паставілі свечкі ў храме.
– Трагедыя на ЧАЭС узрушыла ўвесь свет. Большая частка людзей засталася жыць на гэтых землях, што паказвае, як людзі любяць сваю зямлю, як яны адданыя сваёй Радзіме. Дзякуючы клопату кіраўніка дзяржавы, нашаму дружнаму народу і адзінству гэтыя тэрыторыі адрадзіліся. Памяць аб загінуўшых застанецца ў нашых сэрцах. Наперадзе – светлая будучыня, – падкрэсліў уладыка.