Грамадства
Абласны форум студэнцкіх талентаў "Зімовая вясёлка" прайшоў у грамадска-культурным цэнтры
14.12.2023

Ён аб'яднаў нумары, што перамаглі ў адборачным конкурсе "А ну-ка, першакурснік!", які прайшоў у кожнай ВНУ Гомельшчыны. Сёлета тэма форуму прысвечана 140-годдзю Янкі Маўра – «Палескія рабінзоны».
Форум праходзіў у некалькі этапаў. Спачатку хлопцы паўдзельнічалі ў эстафеце «Кропка старту». Затым у холе грамадска-культурнага цэнтра моладзь разгарнула інтэрактыўныя пляцоўкі, прэзентавала новыя праекты і ініцыятывы.
Самымі бліскучымі часткамі форуму сталі творчыя выступленні каманд. Першакурснікам трэба было здзівіць журы за 15 хвілін.
Студэнты Гомельскага медыцынскага ўніверсітэта прадставілі гледачу падарожжа Напалеона па медвузе. Па задумцы, першакурснікі выпадкова патрывожылі дух палкаводца на занятках па латыні: хацелі вымавіць ўстойлівы выраз або назву лекі, а атрымаўся загавор.
Прадстаўнікі Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі паказалі, як бы падзеі казкі пра Іллю Мурамца разгортваліся ў наш час.
Першакурснікі Гомельскага філіяла міжнароднага ўніверсітэта МІПСА прысвяцілі выступленне барацьбе за экалогію: хлопцы стварылі атмасферу будучыні, дзе ад прыроды не засталося і следу.
Канкурсанты ГДУ імя Ф. Скарыны расказалі гісторыю ката ў ботах, які ў пагоні за сваім каханнем апынуўся на Палессі.
Студэнты Мазырскага педагагічнага ўніверсітэта імя І. П. Шамякіна ў сваім выступленні пафантазіравалі, якім будзе іх вну праз тысячу гадоў – у 3023 годзе.
БелГУТ прапанаваў сваю версію казкі пра Снежную каралеву, а першакурснікі ГГТУ імя П. В. Сухога адправіліся на пошукі кнігі Янкі Маўра, якую па сцэнарыі хтосьці скраў з бібліятэкі.
Лепшымі сталі першакурснікі ГДУ імя Ф. Скарыны. Журы выбралі пераможцаў у асобных намінацыях: "Лепшая рэжысёрская праграма", "Музычны серпанцін", "Танцавальны выбух", "Артыстызм без межаў", "Гумар-драйв", "Фантастычная крэатыўнасць", "Творчасць без межаў", "Лепшы акцёр", "Лепшая актрыса" і "Чалавек-харызма", "Вогнены тэмперамент", "Сюрпрыз года", "Залаты голас" і "Інструментальны драйв", "Моладзь#ЗаСправу".