Грамадства
Абласное аддзяленне Беларускага дзіцячага фонду зладзіла свята для дзяцей-сірот з усёй вобласці
19.12.2023

У рамках дабрачыннай акцыі "Нашы сэрцы – дзецям" для 150 сірот, дзяцей з інваліднасцю і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, у Гомельскім тэатры лялек арганізавалі прадстаўленне "Навагоднія прыгоды Чабурашкі".
Старшыня абласнога аддзялення Беларускага дзіцячага фонду Вера Замойская і дырэктар Іна Сілкова ў прывітальным слове адзначылі: фонд створаны для таго, каб у малых былі святы, падарункі, каб рабяты адчувалі – дарослыя побач. Іна Іванаўна і Вера Максімаўна ўручылі падзячныя лісты прадстаўнікам прадпрыемстваў, якія выступілі партнёрамі мерапрыемства, – ААТ "Гомельтранснафта Дружба» і абласной натарыяльнай палаты.
Вядучай імпрэзы стала бабуля Шапакляк. Разам з хлопчыкамі і дзяўчынкамі яна адправілася ва ўяўнае падарожжа да Дзеда Мароза. На іх шляху сустракаліся героі розных мультфільмаў: Міньёны, Маша і Мядзведзь, Фіксікі. Са знаёмымі персанажамі гулялі, танчылі і ратавалі Чабурашку ад закляцця злога чараўніка. Пасля адбыўся спектакль «Прыгоды Нязнайкі». Усе дзеці атрымалі таксама і салодкія падарункі.