Гомельскі абласны выканаўчы камітэт

Адрес облисполкома

Адрас: 246050, Гомель, пр. Леніна, 2
Галоўная | Улада
Улада

Вынікі паездкі ў Кітай, бяспечнае купанне і рамонт дарог. Гэтыя і іншыя тэмы абмеркавалі на апаратнай нарадзе ў аблвыканкаме

19.06.2024
На нарадзе разгледзелі пытанні эканамічнага развіцця рэгіёна, добраўпарадкаванне воінскіх пахаванняў і падрыхтоўку да Дня Незалежнасці.

Партфелі пацяжэлі
– Кантракты на 6,7 мільёна долараў ЗША, – падвёў вынікі паездкі ў правінцыю Хэбэй Кітайскай Народнай Рэспублікі на апаратнай нарадзе старшыня аблвыканкама Іван Крупко. – У партнёраў ёсць зацікаўленасць у набыцці тавараў з нашай вобласці. Пасля дэталёвай прапрацоўкі гэтага пытання мы атрымаем новыя дамоўленасці з правінцыяй.

Прынята рашэнне, што дэлегацыя з Хэбэя прыме ўдзел у Гомельскім эканамічным форуме. Акрамя таго, прадстаўнікі буйной кампаніі, зацікаўленай у набыцці сельскагаспадарчай тэхнікі, прыедуць у паўднёва-ўсходні рэгіён Беларусі падчас уборачнай.

– Убачаць, як працуюць нашы камбайны ў полі. Неабходна паказаць, як паводзяць сябе машыны ў рэальных умовах, – рэзюмаваў губернатар.

Каб не гінулі людзі
У пачатку чэрвеня ў Жлобіне на забароненым для купання возеры Карпілаўка патанулі двое падлеткаў 14 і 15 гадоў. На прыкладзе гэтай трагедыі падчас апаратнай нарады разгледзелі пытанне аб мерах па абмежаванні доступу людзей да забароненых для купання месцаў і арганізацыі даступнасці патрэбнай інфраструктуры на афіцыйна дазволеных пляжах па ўсёй вобласці.

На месцы здарэння была таблічка з папярэджаннем аб забароне купання, загінулыя школьнікі і іх бацькі ўдзельнічалі ў прафілактычных акцыях і сходах. На жаль, гэта не дапамагло выратаваць дзіцячыя жыцці. У Жлобінскім раёне чатыры афіцыйна дазволеныя і абсталяваныя месцы адпачынку. Аднак спецыялісты лічаць, што добраўпарадкаванне іх недастатковае. 
– Купальны сезон толькі пачынаецца. На вадзе будзе шмат людзей. Патрабуецца прыняцце дакладных мер па забеспячэнні належнага ўзроўню бяспекі, – канстатаваў старшыня аблвыканкама Іван Крупко.

Паўторна праверыць пашпарты гатоўнасці месцаў адпачынку, распрацаваць больш падрабязную сацыяльную рэкламу, даўкамплектаваць пасты Асвода – губернатар паставіў канкрэтныя задачы старшыням райвыканкамаў, кіраўнікам структурных падраздзяленняў:
– Зрабіць месцы для купання ідэальнымі, у СМІ канкрэтна назваць дазволеныя і забароненыя месцы для купання, павялічыць колькасць рэйдаў. 

Як прыклад добраўпарадкавання пляжаў кіраўнік рэгіёна назваў новае месца адпачынку ў Калінкавічах: за кошт уласных і спонсарскіх сродкаў райвыканкам, па сутнасці, з нуля стварыў кропку прыцягнення моладзі і аматараў актыўнага ладу жыцця. Пляж з'явіўся ў межах цэнтральнага парку, дзе ёсць трэнажоры, прагулачныя дарожкі, парасоны і лаўкі. І што самае галоўнае – пост Асвода. Усё гэта спрыяльна ўплывае на бяспечны і спакойны адпачынак.

Тэмпы не змяншаем 
На ўтрыманне і рамонт вулічна-дарожнай сеткі ў 2024 годзе прадугледжана фінансаванне са сродкаў мясцовых бюджэтаў і субвенцый рэспубліканскага бюджэту ў памеры 35,4 мільёна рублёў.

Цяпер работы вядуцца ва ўсіх раёнах вобласці. Аднак па некаторых пытаннях у асобных населеных пунктах назіраюцца адставанні.

– Задача адна для ўсіх: навесці парадак на дарогах усіх прызначэнняў. Сродкаў для гэтага дастаткова, – даручыў Іван Крупко.

На ўліку ў Гомельскай вобласці 1266 воінскіх пахаванняў, на 27 запланаваны ра-монт. Добраўпарадкаванне, азеляненне і навядзенне парадку на астатніх праводзяць напярэдадні ўрачыстых мерапрыемстваў, прысвечаных 80-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

– Да 3 ліпеня работы павінны быць выкананы як планава, так і зыходзячы з першачарговай патрэбнасці, – назваў тэрміны старшыня аблвыканкама.

Ад камбайна да харвестэра
Парад грамадзянскай тэхнікі пройдзе па плошчы Леніна абласнога цэнтра ў Дзень Незалежнасці. Запланавана, што гледачам пакажуць 56 адзінак, яны праедуць з боку вуліцы Пралетарскай на Савецкую. Частка тэхнікі спыніцца для дэманстрацыі ў раёне вуліцы Ланге.

Стартуе парад са знакавага камбайна КСК-100 вытворчасці "Гомсельмаш". Акрамя сельгасмашын, пройдуць трактары з прычапным абсталяваннем, аўтобусы, тралейбусы, электрабусы, пагрузчыкі і трамбоўшчыкі, харвестэры, самазвалы, матацыклы.
К СПИСКУ НОВОСТЕЙ