Улада
У Гомелі і Жлобінскім раёне прайшла чарговая сесія «Школы маладога кіраўніка»
22.05.2024

Курс лекцый удзельнікам кадравага праекта ў сферы АПК прачыталі ў Гомелі. Практычныя заняткі правялі на базе гаспадарак Жлобінскага раёна.
Эканоміка і бухгалтарскі ўлік, арганізацыя дакументазвароту, унут-рыгаспадарчы кантроль – гэтыя і іншыя тэмы сталі асновай курсу лекцый у Гомелі. Семінар-вучобу правялі кіраўнікі структурных падраздзяленняў аблвыканкама, прадстаўнікі беларускіх ВНУ, спецыялісты Мінсельгаспрода.
У практычнай частцы семінара ўдзельнікі пабывалі на сучасным малочна-таварным комплексе «Беліца» ў ААТ «Лукскае». Тут яны не толькі вывучылі вопыт павышэння эканамічнай эфектыўнасці ў жывёлагадоўлі, але і даведаліся, як у гаспадарцы замацоўваюцца маладыя кадры.
На Жлобіншчыне, заўважыў старшыня райвыканкама Сяргей Ярац, за-мацаванню кадраў у АПК надаецца самая пільная ўвага, а самыя пісьменныя і адказныя людзі, як водзіцца, рана ці позна трапляюць у кіруючае звяно.
Для эфектыўнай арганізацыі работ на вёсцы важны вопыт, калі яго не хапае – неабходная падтрымка старэйшых калег, за плячыма якіх не адзін сезон. Гэтую магчымасць і дае «Школа маладога кіраўніка». Калі слушную параду маладому дае сапраўдны карыфей галіны, ён назаўжды застаецца ў памяці, з такім арыенцірам потым куды прасцей жыць і працаваць. А пахвала з вуснаў вопытнага кіраўніка здольная акрыліць пачаткоўцаў.
Нагадаем, новы сезон праекта, трэці па ліку, стартаваў у красавіку гэтага года. Больш за дваццаць удзельнікаў прайшлі строгі адбор, да кастрычніка ім трэба будзе пераймаць вопыт кіраўнікоў перадавых гаспадарак Гомельшчыны. Ініцыятарам стварэння школы выступіў старшыня аблвыканкама Іван Крупко, праект мае мэту забеспячэння АПК рэгіёна кіраўнікамі.