Улада
У аблвыканкаме абмеркавалі ход пасяўной, гатоўнасць сельгастэхнікі, лёс пустых будынкаў у Гомелі
25.03.2024

У ходзе апаратнай нарады старшыня аблвыканкама Іван Крупко звярнуў увагу на строгае выкананне тэрмінаў выплаты заработнай платы ў арганізацыях вобласці.
Няхай гарыць праца, а не тэхніка
95% – такая доля гатоўнасці сельгастэхнікі ў цэлым па вобласці, спраўна больш за 9900 адзінак. У адстаючых – Ельскі, Лоеўскі, Рэчыцкі раёны, дзе гатоўнасць са-стаўляе 93–94%. Аднак там прымаюцца спешныя меры, каб падцягнуць паказчык да сярэднеабласнога ў бліжэйшыя дні. Пастаўлена задача давесці агульную долю гатоўнасці да канца месяца да 98%. Трэба адрамантаваць яшчэ прыкладна 500 адзінак.
Даручана паскорыць здачу тэхаглядаў на тэхніцы ў гаспадарках. Рамонты рамонтамі, а зафіксаваная ТА поўная спраўнасць машыны – гэта бяспека перасоўвання на дарогах, бяспека саміх людзей. Вырашыць пытанне неабходна да канца бягучага тыдня.
Рамонтныя працы будуць працягнутыя ў вобласці на сталай аснове, у сэрвісных арганізацыях і гаспадарках пераследуюць мэту скараціць колькасць спісаных машын, не проста даводзіць тэхніку да розуму, а практычна да стану новай адзінкі. З улікам кошту новых машын і агрэгатаў гэта будзе найсур'ёзнай эканоміяй для галіны, усяго рэгіёну. Работы прадоўжацца да дажынак, тады стане зразумела, колькі адноўленай тэхнікі папоўніць мехпарк Гомельшчыны.
Пасяўная кампанія разгарнулася па ўсёй вобласці, ва ўсіх без выключэння раёнах. Тым не менш у 55 гаспадарках пасяўныя работы не пачаліся, у 16 не прыступілі да падкорму збожжавых каласавых, у 11 – да падрыхтоўкі глебы. Аграрыі наракаюць на пераўвільготненасць палёў на месцах. Вясна выдалася ранняй, дзесьці да паводкавай вільгаці дадаліся ападкі. Аднак усё вырашальна, ёсць усе тэхнічныя і тэхналагічныя магчымасці, як было падкрэслена, каб выязджаць нават на праблемныя ўчасткі і праводзіць узворванне, уносіць угнаенні, сеяць.
У аўтсайдэрах пакуль Лоеўшчына. Хаця ў раёне, запэўніў старшыня райвыканкама, з панядзелка разгарнулі ўсе віды работ. Падцягвацца таксама трэба аграрыям Веткаўскага, Добрушскага, Кармянскага, Рэчыцкага раёнаў.
Каб памяць у народзе вечна жыла
На нарадзе абазначылі комплекс мерапрыемстваў па ўвекавечанні на Гомельшчыне гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне. На гэтыя мэты ў тым ліку накіруюць сродкі, заробленыя на абласным суботніку, які пройдзе 30 сакавіка. Сёлета да знакавых дат адкрыюць помнік ахвярам генацыду ў Гомелі, абновяць мемарыяльны комплекс у Але, вырашаць пытанні з асвятленнем на "Партызанскай крынiчцы". Будуць пачаты таксама работы па рэканструкцыі мемарыяла ў Чырвоным Беразе Жлобінскага раёна.
Абмяркоўваючы тэму навядзення парадку на зямлі, у прыватнасці ў абласным цэнтры, пералічылі некаторыя прамысловыя аб'екты, якія не выкарыстоўваюцца гадамі. Гэта шэраг будынкаў, якія належаць Гомельскаму тлушчаваму камбінату, "Гомельпрамбуду", "Аблгандальсаюзу", іншым арганізацыям. У бліжэйшы час па іх прымуць канкрэтныя рашэнні: закансерваваць "да лепшых часоў", вылучыць пад інвестпраект, здаваць у арэнду, рэалізаваць за адну базавую або знесці.
Звернута ўвага на строгае выкананне тэрмінаў выплаты зарплаты работнікам прадпрыемстваў і арганізацый Гомельшчыны, у тым ліку прыватнай формы ўласнасці і якія знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі.
З улікам трагедыі, што адбылася ў Падмаскоўі, губернатар даручыў звярнуць асаблівую ўвагу на правядзенне масавых мерапрыемстваў у вобласці: узмацніць ах-ранныя меры, распрацаваць выразныя інструкцыі, пры неабходнасці пераасэнсаваць некаторыя падыходы.