Старшыня аблвыканкама Іван Крупко сустрэўся з губернатарам Омскай вобласці Віталем Хацэнкам

У першую чаргу партнёраў з дзвюх краін цікавіць супрацоўніцтва ў пытаннях прамысловасці, турызму, па лініі гуманітарных абменаў.
На стэндзе Сібірскай федэральнай акругі кіраўнікі рэгіёнаў падпісалі пагадненне паміж Гомельскім абласным выканаўчым камітэтам і Урадам Омскай вобласці аб ажыццяўленні міжнародных і знешнеэканамічных сувязяў у гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, сацыяльна-гуманітарнай, культурнай і іншых галінах.
– Перакананы, што развіццё нашых краін – гэта перш за ўсё развіццё рэгіёнаў. Пагадненні паміж абласцямі ва ўсіх сферах даюць магчымасць двум рэгіёнам засяродзіцца на канкрэтных напрамках, – падкрэсліў у час размовы з журналістамі Іван Крупко.
Па словах кіраўніка рэгіёна, з Омскай вобласцю ўдалося дамовіцца аб паглыбленні супрацоўніцтва. У прыватнасці, на Гомельшчыне выпускаецца абсталяванне для даільных залаў, захоўвання і транспарціроўкі малака, а ў Омскай вобласці пад яго распрацоўваецца праграмнае забеспячэнне. На 100% саюзны прадукт будзе пратэставаны на адной з ферм, якія будуюцца ў паўднёва-ўсходнім рэгіёне Беларусі.
Акрамя жывёлагадоўлі, Гомельская і Омская вобласці плануюць працаваць у пытаннях сельскагаспадарчага машынабудавання. На гэтым зрабіў акцэнт губернатар расійскага рэгіёна Віталь Хацэнка:
– Сёння дамовіліся ўзаемадзейнічаць кіраўнічымі камандамі. У нас сельскагаспадарчы і прамысловы край, працуе два мультыбрэндавыя цэнтры з беларускай тэхнікай. Будзем выкарыстоўваць кампетэнцыі, якія ёсць у Гомельскай вобласці: прапануем нашым фермерам трактары на гусенічным хаду. Нашым аграрыям падабаецца і падыходзіць Гомельскае абсталяванне.
Партнёраў з Омска запрасілі на эканамічны форум, які пройдзе ў верасні ў горадзе над Сожам.