Улада
На пасяджэнні абласнога выканаўчага камітэта падвялі вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Гомельшчыны
30.01.2025

Увагу акцэнтавалі і на задачах бягучага года, пастаўленых перад рэгіёнам. Пасяджэнне вёў старшыня аблвыканкама Іван Крупко.
Што ў прамсектары і АПК?
У цэлым на Гомельшчыне ў мінулым годзе ўдалося забяспечыць рост эка-номікі. Асобныя галіны справіліся з пастаўленымі задачамі з адчувальным апярэджваннем плана. Добры вынік паказалі прыватныя прадпрыемствы. Разам з тым, з васьмі ключавых паказчыкаў матрыцы задач, зацверджанай Саўмінам для вобласці ў 2024 годзе, выканана тры: па намінальным налічаным сярэднемесячным заробку (тэмп росту – 118,8% пры прагнозе 111,7%), паступленні даходаў у кансалідыраваны бюджэт і аб'ёмах імпартазамяшчэння.
Па астатніх пяці недацягнулі, гэтыя накірункі стануць арыенцірамі для актывізацыі намаганняў. Размова аб валавым рэгіянальным прадукце (100,8% пры заданні 103,6%), інвестыцыях у асноўны капітал, уводзе жылля, новага і з дзяржпадтрымкай, узроўні зніжэння выдаткаў.
У прамысловасці многім прадпрыемствам удалося забяспечыць высокія аб'ёмы вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі, аднак няўдачу асобных калег не дазволіў выканаць гадавы план. Суб'ектыўныя прычыны тут перамяжоўваюцца з аб'ектыўнымі, у адных праблемы са збытам, у іншых зацягваецца мадэрнізацыя. Да прыкладу, на ААТ "Гомельшкло" у мінулым годзе працавалі не ўсе печы. Пэўныя цяжкасці са збытам у Расіі ёсць і ў холдынга "Гомсельмаш".
Аднак, як было адзначана, амаль усімі вытворцамі дасягнуты рост экспарту паставак, што сведчыць аб адладжанай лагістыцы, эфектыўнай дыверсіфікацыі знешніх рынкаў. Адным з перспектыўных напрамкаў для экспарту з'яўляецца Афрыка.
Аграрыі вобласці не апраўдалі даведзены прагноз, чаму віной у каторы раз вельмі неспрыяльныя ўмовы надвор'я. Яшчэ адна часта згаданая праблема – нізкая дысцыпліна ў калектывах гаспадарак, працоўная і тэхналагічная.
Аднак станоўчыя тэндэнцыі ў галіне намеціліся, прычым па многіх пазіцыях. Асабліва прыкметны рост вытворчасці малака і мяса буйной рагатай жывёлы.
Гэтак жа і ў будаўніцтве. З гадавым заданнем не справіліся, аднак здолелі прырасці па ўводу жылля. Усяго за год пабудавана 502,4 тысячы квадратных метраў. Узяты будаўнікамі ў першым месяцы года тэмп дазваляе спадзявацца на рост паказчыкаў у далейшым.
Уступаем у пяцігодку якасці
Адной з прыярытэтных задач для ўсіх узроўняў улады ў рэгіёне ў гэтым годзе стане актыўнае прыцягненне інвестыцый, а таксама кантроль рэалізацыі інвестпраектаў.
Адназначна паднаціснуць у гэтым годзе неабходна транспартнікам. Роста паказчыкаў чакаюць ад аўтамабільнага, чыгуначнага, а таксама трубаправоднага транспарту. Актывізавацца трэба і гандлю. Тут важна працягнуць аптымізацыю сеткі спажыўкааперацыі.
Іван Крупко зрабіў акцэнт на праграме "Адзін раён – адзін праект". У гэтым напрамку ад мясцовых уладаў чакаюць большай аддачы. Праекты не павінны быць, па-першае, умоўнымі, па-другое, за іх не трэба выдаваць малочныя фермы, якія і так будуць будавацца і мадэрнізавацца. Такія прадпрыемствы павінны рабіць упор на інавацыйнасць і высокую якасць прадукцыі, у канчатковым выніку стаць сапраўднымі кропкамі росту эканомікі ў раёнах.
У цэлым росту эфектыўнасці, "плюсуючых" параметраў чакаюць ад усіх прадпрыемстваў, ад асобных – сапраўднага рыўка. Гэта асабліва важна з улікам аб'яўлення ў краіне пяцігодкі якасці.
Закранулі таксама тэму сацыяльнага развіцця. Былі адзначаны дасягненні сферы аховы здароўя: медыцына ў рэгіёне становіцца ўсё больш сучаснай, высокатэхналагічнай і даступнай, у тым ліку для жыхароў сельскай мясцовасці. Усё большую колькасць насельніцтва ахоплівае дыспансерызацыя.
Вынікі ў сферах адукацыі, спорту і турызму, культуры, сацыяльнай абароны таксама прызнаны станоўчымі. Работа па ўсіх гэтых напрамках працягнецца без зніжэння абаротаў. Іван Крупко даручыў засяродзіцца на пашырэнні сферы паслуг, канкрэтна – на экспарце паслуг. Гэта датычыцца медустаноў, сферы адукацыі, аб'ектаў спорту і турызму.
Губернатар выказаўся таксама аб выніках выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, падкрэсліўшы, што грамадзяне падтрымалі курс развіцця нашай краіны, зададзены Аляксандрам Лукашэнкам. Значыць, менавіта гэты курс блізкі сэрцу беларусаў – пераважнай іх большасці. Гэтай дарогай мы пойдзем далей, да поспеху і росквіту.
Удзел у рабоце пасяджэння прынялі кіраўнік спраў Прэзідэнта Юрый Назараў, намеснік прэм'ер-міністра Анатолій Сівак, памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Горлаў.