Улада
На апаратнай нарадзе ў аблвыканкаме абмеркавалі падрыхтоўку да юбілею Перамогі
19.02.2025

Увагу таксама акцэнтавалі на гатоўнасці сельгастэхнікі да пасяўной. Старшыня аблвыканкама Іван Крупко запатрабаваў паскорыць рамонтныя работы.
Усё павінна блішчаць
Да Дня Перамогі застаўся 81 дзень. У рэгіёне праводзіцца планамерная падрыхтоўчая работа, асаблівая ўвага надаецца нашым ветэранам, іх сацыяльнаму і медыцынскаму абслугоўванню. Працягваецца работа па добраўпарадкаванні, а пры патрэбе – рэканструкцыі і рэстаўрацыі месцаў памяці. Гэта мемарыялы, пахаванні, брацкія магілы, мемарыяльныя пліты і дошкі. Усяго такіх аб'ектаў больш за 1,3 тысячы, за кожным замацаваны прадпрыемствы, арганізацыі, навучальныя ўстановы. Рэалізуецца праект па ўстаноўцы таблічак з QR-кодамі на ўсіх такіх месцах, па іх счытваецца гістарычная інфармацыя.
Добраўпарадкоўваюцца і самі населеныя пункты, прыводзяцца ў парадак дваровыя тэрыторыі, вулічна-дарожная сетка. На сцены будынкаў наносяцца муралы. Паўсюдна праводзяцца дабрачынныя і патрыятычныя акцыі, да якіх актыўна прыцягваюць моладзь, у тым ліку малодшага школьнага ўзросту.
Адсвяткаваць знамянальную дату, адзначыў Іван Крупко, Гомельшчына разлічвае з сябрамі – дэлегацыямі з Расіі і іншых краін. Дэталізацыя, прапрацоўка ўрачыстых мерапрыемстваў у Гомелі, райцэнтрах і ўсёй вобласці ідзе поўным ходам.
Што тычыцца добраўпарадкавання і навядзення парадку ў месцах святкавання, на аб'ектах культурна-гістарычнага значэння, то тут, было падкрэслена, не можа быць ніякіх адгаворак і спасылак на недахоп часу або рэсурсаў. Неабходна падняць усе сілы і завяршыць работы да патрэбнага тэрміну, падагульніў губернатар.
Падоўжыць жыццё любой цаной
На Гомельшчыне вырасла колькасць пажараў (на 20% з пачатку года) і загінулых у агні грамадзян. Сярэдні партрэт ахвяры вогненнай стыхіі тыповы. Гэта альбо глыбока пажылы чалавек, альбо асацыяльная асоба без пэўнага роду заняткаў. Што характэрна, 17 з 20 загінулых на пажарах сёлета знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення.
Для стабілізацыі абстаноўкі варта актывізаваць працу назіральных камісій, усіх суб'ектаў прафілактыкі. У шэрагу выпадкаў менавіта іх маўклівая бяздзейнасць прывяла да трагедый.
Людзей з групы рызыкі ведаюць усе, асабліва ў невялікіх населеных пунктах, заўважыў кіраўнік вобласці. У першую чаргу іх павінны кантраляваць старшыні сельвыканкамаў. Накіроўваць да іх варта не педагогаў ці сацыяльных работнікаў, а ўчастковых, інспектараў МНС. Калі чалавек не паддаецца ўгаворам, то заканадаўствам прадугледжана прымусовае лячэнне ад алкагалізму.
Важна надаваць увагу і тым, каго пакінулі дажываць век ў адзіноце нядбайныя дзеці. Тут павінны больш актыўна падключацца сацслужбы, медыкі.
Паскараецца ў боксах і на дарогах
Кіпіць праца ў боксах мехдвароў, увесь АПК рэгіёна рыхтуецца да пасяўной кампаніі. Пачалася падрыхтоўка ў лістападзе мінулага года, і вось зараз падыходзіць да фінішу. Сярэднеабласны паказчык гатоўнасці тэхнікі – 91%, пры гэтым трактароў – 92%, плугоў і дыскатараў – 96% і 90% адпаведна. Але на месцах, як гэта бывае, тэмпы работ пакідаюць жадаць лепшага. Паводле слоў губернатара, мінусавыя тэмпературы не павінны быць апраўданнем для затрымак. У першую чаргу павінны падцягнуцца рамонтнікі ў Буда-Кашалёўскім, Гомельскім, Рэчыцкім, Рагачоўскім раёнах. Асабліва варта паскорыцца з рамонтам энерганасычаных трактароў і сеялак – асноўных удзельнікаў будучай кампаніі.
Увагу таксама звярнулі на праходжанне сельгастэхнікай планавых тэхаглядаў. У вобласці хапае гаспадарак, дзе ТА не пройдзены ніводнай адзінкай. Тэрмін устаноўлены дакладна: да 1 красавіка ўвесь парк АПК павінен атрымаць адпаведныя дакументы. Пакуль тэмпы праходжання нездавальняючыя.
Была ў цэлым закранутая тэма дарожнай бяспекі на Гомельшчыне. ДАІ актывізавала адпрацоўку дарог з прычыны павелічэння колькасці ДТЗ і загінулых у аварыях грамадзян. Істотна ўзмоцняць таксама кантроль за станам дарожнага пакрыцця на праблемных участках. Інжынерныя мерапрыемствы, якія павышаюць бяспеку руху, распрацоўваюцца і рэалізуюцца ўжо цяпер. З прыходам цяпла дарожнікі актывізуюць работы па ліквідацыі ямачнасці і нанясенні разметкі.