Улада
На апаратнай нарадзе аблвыканкама разгледзелі пытанні дарожнай гаспадаркі
28.05.2024

Старшыня аблвыканкама Іван Крупко запатрабаваў фарсіраваць работы па ўстараненні ям на асноўных дарогах Гомельшчыны. Таксама абмеркавалі пытанні аптымізацыі кантрольна-нагляднай дзейнасці.
Напружваем тэхніку і людзей
У вясновыя месяцы дарожнікамі вобласці праведзена сур'ёзная праца ў сферы ўдасканалення вулічна-дарожнай сеткі, гэта тычыцца і ямачных рамонтаў, і ўладкоўвання аб'ектаў інфраструктуры. Аднак, паводле слоў Івана Крупко, зрабіць трэба яшчэ нямала, максімальна напружана папрацаваць неабходна ў чэрвені. Упор зрабіць менавіта на ўхіленні ямачнасці, іншых дэфектаў дарожнага палатна, а таксама на нанясенні разметкі.
Непакоіць рост колькасці дарожна-транспартных здарэнняў, у тым ліку з прычыны нездавальняючага стану дарожнага палатна. З пачатку года зафіксавана звыш 3,4 тысячы ДТЗ, у іх пацярпелі 118 чалавек, 17 з якіх загінулі. На той жа перыяд 2023-га было 16 загінуўшых.
Рамонтныя работы нельга зацягваць да канца лета, тым больш да восені. Дарогі рэспубліканскага і абласнога значэння ў гарадах і аграгарадках павінны быць прыведзены ў парадак да 1 ліпеня, падкрэсліў губернатар.
Не для птушкі і не дзеля штрафу
Разабралі пытанні аптымізацыі работы кантралюючых органаў вобласці, правядзення розных праверак, маніторынгаў. Увагу акцэнтавалі на выразным патрабаванні: прыярытэтам павінен быць не пошук вінаватых і пакаранне, а рост эфектыўнасці арганізацыі, яе эканамічных паказчыкаў. Важна якасць, а не колькасць праверак, дзейснасць, а не колькасць складзеных за тыя ці іншыя парушэнні пратаколаў. У большай ступені такія рэвізіі, праверкі, маніторынгі павінны быць накіраваны на прафілактыку негатыўных з'яваў.
У рамках пасяджэння аблвыканкама разгледзелі і тэму працаўладкавання ў вобласці раней судзімых грамадзян. Як адзначыў губернатар, ва ўсіх без выключэння раёнах абавязаны быць вакансіі ў розных галінах, у тым ліку для тых, хто аступіўся і цяпер мае патрэбу ў падтрымцы дзяржавы і грамадства. Тут неабходна пазбегнуць фармалізму, паставіцца неабыякава і прадугледзець наступствы працаўладкавання на тую ці іншую пасаду, улічыць наяўнасць спецыяльнасці, працоўнага стажу, асабістых здольнасцяў і схільнасцей. І абавязкова дапамагчы з пошукам месца жыхарства. Бо без нармальных жылля, працы, зарплаты немагчыма сацыялізацыя. Затое вельмі магчымы рэцыдыў.