Улада
На апаратнай нарадзе аблвыканкама абмеркавалі пытанні нарыхтоўкі кармоў і навядзення парадку на зямлі
10.06.2024

Старшыня аблвыканкама Іван Крупко акцэнтаваў увагу на больш актыўным зносе аб'ектаў, якія пустуюць, і ўцягванні вызваленых участкаў у гаспадарчы абарот.
Кармам у плёнцы дажджы не страшныя
У шасці раёнах вобласці за выхадныя дні правялі дэталёвую праверку корманарыхтоўчых работ у гаспадарках. Гэта ў цэлым дало зразумець нашыя слабыя месцы. Падцягваць неабходна якасць уладкавання траншэй для кармоў практычна паўсюдна. І забяспечваць стопрацэнтную загрузку прэсаў-абмотчыкаў, дзе магчыма – і вышэй за 100%. Дажджы не павінны загубіць тое, што нарыхтавана, а надвор'е, было заўважана, мяняецца амаль кожную гадзіну. Кармы павінны трапляць у плёнку аператыўна.
Акрамя таго, губернатар даручыў актывізаваць працу па перазалужэнні палёў. Іх трэба завяршыць да пачатку трэцяй дэкады чэрвеня.
Чакаем большай аддачы
Разгледзелі тэму добраўпарадкавання і навядзення парадку. Закранулі барацьбу з баршчэўнікам Сасноўскага. Найбольш эфектыўным спосабам прызнаны камбінаваны – механічны і хімічны. Поспехі ёсць, але выкараніць небяспечны інвазіў поўнасцю пакуль не атрымліваецца. У Кармянскім і Буда-Кашалёўскім раёнах нядаўна выявілі новыя ачагі росту баршчэўніка.
Яшчэ адна расліна-захопнік – залатарнік канадскі. Да гэтага часу не прыступілі да барацьбы з ім у Нараўлянскім, Рэчыцкім, Хойніцкім раёнах, там тэрмінова трэба паскорыць гэтую работу.
Разабралі пытанне зносу старых пабудоў і ўцягванне зямлі ў гаспадарчы абарот. 179 аб'ектаў з студзеня па май знесена, гэта 30 працэнтаў да гадавога плана. Абазначаны дакладныя тэрміны зносу будынкаў – да 1 кастрычніка, аварыйных – да 1 ліпеня. Большай аддачы ў рашэнні гэтай праблемы чакаюць у Жлобінскім, Кармянскім, Лоеўскім, Кастрычніцкім, шэрагу іншых раёнаў. Для гэтых мэт можна і трэба прыцягваць прадпрыемствы, арганізацыі, а таксама службы МНС (сумяшчаць знос з вучэннямі). Кіраўнік вобласці нагадаў, што збавіцца ад закінутых будынкаў – не толькі пытанне навядзення парадку, але і бяспекі грамадзян.