Улада
На апаратнай нарадзе аблвыканкама абмеркавалі палявыя работы ў АПК і рамонт дарог
20.05.2024

Кіраўнік вобласці Іван Крупко даручыў актывізіраваць сяўбу кукурузы, траў, агароднінных культур, у дарожнай сферы – рамонт ямачнасці і нанясенне разметкі
Рамантуем будынкі па выразным алгарытме
Пасля моцных, да 23 метраў у секунду, красавіцкіх вятроў у розных раёнах былі пашкоджаны дахі, як правіла, сельскагаспадарчых пабудоў. З 43 пацярпелых будынкаў 22 яшчэ аднаўляюць. Паскорыць дахавыя работы даручана ў Рэчыцкім і Рагачоўскім раёнах.
Увага мясцовых уладаў пры ўзнікненні падобных сітуацый павінна быць больш сабранай і аператыўнай. Існуе цалкам зразумелы і выразны алгарытм: аналіз і ацэнка пашкоджанняў (пажадана ў той жа дзень), аператыўнае рашэнне фінансавых пытанняў, прыцягненне адпаведных дзяржслужбаў, спецфондаў, спонсарскай дапамогі і, уласна, аднаўленне – без лішняй бюракратыі і затрымак.
Сеем ў тэрмін
З царыцай палёў аграрыі вобласці прайшлі экватар, агульны план сяўбы закрыты на 58%, кукуруза пасеяна на 180 тысячах гектараў. Аднак надвор'е стаіць цудоўнае, вада з палёў сышла. Паказчыкі могуць і павінны быць вышэй.
Найбольш нізкімі тэмпамі сеюць кукурузу ў Рэчыцкім раёне, таксама варта падцягнуць работу ў Калінкавіцкім, Ельскім, Жлобінскім. Як сказаў старшыня аблвыканкама, спазняцца з гэтай культурай не трэба, калі пасеяць яе ў пазнейшыя тэрміны, яна не дасць у патрэбнай меры ні збожжа, ні сіласу.
Паскорыцца трэба і з сяўбой аднагадовых, шматгадовых траў. Няправільна ігнарыраваць гэтую работу, спасылаючыся на выкананне іншых важных задач, як робяць у некаторых раёнах. Неабходна працаваць увесь светлавы дзень, прыцягнуць дадатковыя кадры і тэхніку, і забяспечыць моцную кармавую базу ў жывёлагадоўлі.
Пастаўлена задача фарсіраваць сяўбу соі, проса і грэчкі, а таксама агароднінных культур і бульбы. З гародніны добрыя тэрміны толькі па цыбулі (94% да плана), патрабуецца паднаціснуць з бураком і морквай. Большай аддачы чакаюць і з пасадкай бульбы. Амаль у палове раёнаў другі хлеб пасадзілі, план выкананы пакуль на 67%.
Мала роўнай дарогі, патрэбна разметка
Увагу акцэнтавалі і на выкананні пастаўленай Прэзідэнтам задачы па рамонце, аднаўленні мясцовых і рэспубліканскіх дарог. З аднаго боку, аб'ёмы работ па ліквідацыі ямачнасці, бягучых і капітальных рамонтаў, абнаўлення ўсіх элементаў дарожнай інфраструктуры прыкметна вышэй, чым у мінулым годзе. Але пытанні да дарожнікаў ёсць. Губернатар паказаў на недахопы ў нанясенні разметкі ў шэрагу населеных пунктаў, эксплуатацыі паромных перапраў. Канстатаваны рост колькасці ДТЗ па прычыне дэфектаў дарожнага палатна ў справаздачным перыядзе, у тым ліку ў Гомелі. Выпраўленнем сітуацыі зоймуцца адказныя службы. З разметкай, як было сказана, нельга цягнуць да восені. Тычыцца гэта і ямачных рамонтаў, у першую чаргу іх трэба паскорыць на галоўных вуліцах абласнога цэнтра.
На некаторых аб'ектах будаўніцтва, у прыватнасці на ўчастку трасы М10, неабходна ўрэгуліраваць пытанні фінансавання і павысіць тэмп работ. У асобных раёнах, да прыкладу, у Веткаўскім, Лоеўскім, трэба ў цэлым актывізаваць засваенне выдзеленых бюджэтных сродкаў на рамонт дарог.