Гомельскі абласны выканаўчы камітэт

Адрес облисполкома

Адрас: 246050, Гомель, пр. Леніна, 2
Галоўная | Улада
Улада

На апаратнай нарадзе абласнога выканаўчага камітэта абмеркавалі будаўніцтва жылля, рамонт гомельскіх мастоў і падрыхтоўку пляжаў

04.06.2024
Старшыня аблвыканкама Іван Крупко звярнуў асаблівую ўвагу на добраўпарадкаванне. Важна ўзмацніць работу па замацаванні прадпрыемстваў і арганізацый за асобнымі ўчасткамі населеных пунктаў для навядзення парадку.

Квадратных метраў больш, выдаткаў менш
У васьмі раёнах вобласці адсутнічаюць чэргі грамадзян на атрыманне зямлі пад забудову. У дзевяці раёнах і ва ўсіх буйных гарадах, наадварот, выяўлены дэфіцыт плошчаў. Жадаючых мець дом на сваёй зямлі больш чым свабодных участкаў у Гомелі, Мазыры, Добрушы, Ветцы, Рэчыцы, Жлобіне, іншых населеных пунктах. Бывае так, што забудоўваць пэўныя зоны ў прыгарадах, куды ўжо часткова падведзена інжынерная і транспартная інфраструктура, перашкаджае наяўнасць зямель сельгаспрызначэння. Неабходна аператыўна вырашаць пытанні па змене статусу зямель, паскорыць пракладку сетак і камунікацый, праводзіць інвентарызацыю ўчасткаў, вызначацца па энергазабеспячэнню, не зацягваць праектаванне і збор дакументаў – такія задачы пастаўлены перад будаўнічым комплексам і землеўпарадкавальнікамі. Нельга, па словах губернатара, сцягваць аб'екты індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва ў самі гарады. Шматкватэрнае жыллё ў большасці выпадкаў ўзводзіць менш затратна. Яшчэ адна істотная заўвага: прыватныя дамы трэба будаваць толькі там, дзе мінімальная рызыка сезонных падтапленняў.

Канкрэтна было падкрэслена: ніякай цяганіны ў размеркаванні зямлі і ўзвядзенні дамоў быць не павінна. Даручана таксама больш рашуча дзейнічаць у дачыненні да нядобрасумленных уласнікаў, якія вядуць будоўлю гадамі, а зямля зарастае быльнікам. Трэба аператыўна адбіраць у іх выдзеленыя соткі.

У першым квартале будаўнікі Гомельшчыны справіліся з даведзеным заданнем па ўводу жылля. Ёсць запэўніванні, што патрэбны паказчык будзе дасягнуты і ў паўгоддзі. Да мая пабудавана больш за 147 тысяч квадратных метраў, гэта амаль 27% да гадавога плана. Аднак у асобных раёнах варта нарошчваць аб'ёмы ўзвядзення індывідуальнага жылля і шматкватэрных дамоў з дзяржпадтрымкай.

Аб мастах і пляжах
Абмеркавалі капітальны рамонт пешаходнага моста, самага доўгага ў краіне (500 метраў), які злучае вуліцы Дворнікава і Кірава ў Гомелі. Даручана пазбегнуць непатрэбных грашовых укладанняў, адмовіцца, да прыкладу, ад закладзеных праектантамі празмернасцяў (навесаў, складанага асвятлення). У планах таксама рамонт пешаходнага моста праз Сож у Гомелі (вуліца Баўмана). Праектныя работы па гэтым аб'екце павінны завяршыцца да канца года.

Самым актыўным чынам у вобласці праводзяцца вадалазнае абследаванне і ачыстка пляжаў. Асноўныя задачы неабходна выканаць да канца тыдня. Тэмпература расце, узровень вады ў рэках падае – утрымаць людзей хутка будзе проста немагчыма. Забароненыя месцы для купання ўжо вызначаны. Тыя месцы, дзе купацца можна, павінны быць добра вядомы насельніцтву. Губернатар паставіў задачу шырока інфарміраваць грамадзян аб даступных пляжах усімі магчымымі спосабамі, не толькі таблічкамі.

Пашпарты гатоўнасці выдадзены 39 пляжам. У вобласці створана сем новых пляжаў з сезоннымі пастамі выратавальнікаў. Адзін амаль гатовы да работы, але на іншых пакуль стаіць вада, не можа праехаць тэхніка для ачысткі. Запланавана адкрыць яшчэ адзін пляж на Абкамаўскім возеры ў Гомелі. Хутка там правядуць намыў пяску.
К СПИСКУ НОВОСТЕЙ