Улада
Кадравы дзень у аблвыканкаме: новыя гендырэктары на Добрушскім фарфоравым заводзе і ААТ "Рэчыцадрэў"
12.02.2024

Кандыдатаў на пасады ў розных галінах узгадніў старшыня аблвыканкама Іван Крупко.
Генеральным дырэктарам Добрушскага фарфоравага завода стаў Генадзь Каротчанка. Да гэтага кіраўнік 17 гадоў узначальваў ААТ "Гомельдрэў", у вобласці яго ведаюць як вопытнага і пісьменнага спецыяліста. Кіраўнік рэгіёна не сумняваецца, што Генадзь Васільевіч справіцца з ускладзенымі на яго абавязкамі.
На пасаду генеральнага дырэктара ААТ "Рэчыцадрэў" узгоднены Сяргей Балачкоў. Ён прысвяціў прадпрыемству амаль усё працоўнае жыццё, займаў тут розныя пасады, апошнія тры гады быў намеснікам гендырэктара па вытворчасці. Упраўленне холдынга называе завод самым беспраблемным у групе кампаній.
Прадоўжаны кантракт з начальнікам аддзела землеўпарадкавання Акцябрскага райвыканкама Наталляй Міхайлік. Гэта адна з лепшых службаў у вобласці, даручэнні губернатара выконваюцца ў тэрмін, да кіраўніка прэтэнзій няма.
Узгаднілі таксама пераразмеркаванне маладога спецыяліста-медыка і прызначылі новага работніка аблвыканкама: вядучым рэферэнтам камітэта эканомікі будзе працаваць Таццяна Скоблік.