Улада
Фільтр даверу да ўлады: пытанне ўдасканалення і развіцця ЖКГ вобласці разгледзелі на пасяджэнні аблвыканкама
11.11.2025
Вёў пасяджэнне старшыня аблвыканкама Іван Крупко. Удзел прынялі памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці Руслан Пархамовіч, член Савета Рэспублікі, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зянкевіч.
Чыстая вада і новы дах
У цэнтры ўвагі – выкананне дзяржпраграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе», якой устаноўлены два зводныя мэтавыя паказчыкі: зніжэнне выдаткаў на аказанне паслуг ЖКГ і забяспечанасць спажыўцоў вадой пітной якасці.
За пяцігодку на Гомельшчыне пабудавана 159 станцый абезжалезвання, што дазволіла забяспечыць пітной вадой яшчэ 312 населеных пунктаў. Выкананы капітальны рамонт 714 дамоў, замянілі 974 адпрацаваўшых нарматыўны тэрмін ліфта. Дзякуючы замене 373 кіламетраў цеплавых сетак атрымалася знізіць цепластраты на 1,5%, рэканструявана 27 кацельняў.
Пытанне ўдасканалення сістэмы ЖКГ наўпрост вызначае якасць жыцця грамадзян. На гэтым зрабіў акцэнт старшыня аблвыканкама:
– Да гэтага пытання мы падыходзім як да справы, ад якой залежыць штодзённае жыццё кожнага чалавека. Наперадзе не менш задач, праграма патрабуе сістэмнага падыходу. У прыватнасці, неабходна актуалізаваць графікі капітальнага рамонту дамоў і дарог на бліжэйшую пяцігодку, забяспечыць няўхільнае яго выкананне.
У цэлым за 9 месяцаў бягучага года выдаткі арганізацый ЖКГ зніжаны на 71,2% ад задання. Найбольшае зніжэнне дасягнута за кошт скарачэння выдаткаў на паліўна-энергетычныя рэсурсы, зніжэння тэхналагічных страт цеплавой энергіі і вады, правядзення энергазберагальных мерапрыемстваў.
Забеспячэнне жыхароў вобласці цэнтралізаванымі сістэмамі водазабеспячэння складае 95,2%, водаадвядзення – 73%, што адпавядае мэтавым паказчыках.
За студзень – верасень 2025 года ў рэгіёне капітальным рамонтам ахоплена больш за 380 тысяч квадратных метраў жылля, заменены 61 ліфт. Гадавое заданне па зборы другаснай сыравіны выканана на 72,4%, сабрана 103,5 тысячы тон другасных матэрыяльных рэсурсаў. Уведзена 17 станцый абезжалезвання. Да канца года доступ да чыстай вады атрымае яшчэ 101 населены пункт з колькасцю пражываючых больш за 21 тысячу чалавек. За гэты час заменена 59,8 кіламетра цеплавых сетак. Работы працягваюцца, па выніках года план будзе выкананы ў поўным аб'ёме.
Што хвалюе жыхароў вобласці?
Вынікі работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб за 9 месяцаў 2025 года – яшчэ адно пытанне павесткі. Губернатар назваў яго адной з самых адчувальных тэм:
– Ад таго, наколькі хутка мы адгукнуліся на зварот, дапамаглі чалавеку і разабраліся па сутнасці, залежыць давер да ўлады. Рэагаваць трэба не фармальна, а па-чалавечы. У гэтым прынцып нашай штодзённай работы. Важна разумець сутнасць звароту, ліквідаваць яго прычыны і наступствы.
Ва ўсе выканаўчыя і распарадчыя органы вобласці за гэты час паступіла больш за 14 тысяч зваротаў. Гэта на 7% менш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Пісьмовых больш – амаль шэсць тысяч, па чатыры тысячы – электронных і вусных.
Знізілася колькасць зваротаў па пытаннях камунальнай і дарожнай гаспадаркі, адукацыі, жылфонду, транспарту, аграпрамысловага комплексу. У той жа час найбольш актуальнымі застаюцца пытанні ў сферы ЖКГ, землекарыстання, працаўладкавання, гандлю.
Калі казаць больш канкрэтна, то людзей турбуе якасць ацяплення, водазабеспячэння, арганізацыя вывазу смецця, своечасовае правядзенне капітальнага рамонту, добраўпарадкаванне населеных пунктаў.
Галоўным фільтрам якасці рэагавання на звароты грамадзян кіраўнік рэгіёна назваў адказнасць кіраўнікоў усіх узроўняў. Дысцыпліна, тэрміны разгляду і якасць тлумачэнні – асноўныя прынцыпы работы:
– За кожным зваротам – чалавечая гісторыя і надзея на справядлівасць. Любы адказ павінен быць хуткім, сумленным і па сутнасці, абгрунтаваным і зразумелым для чалавека. Неабходна выстройваць работу так, каб колькасць зваротаў зніжалася, а праблемы вырашаліся да звароту. Таму што давер людзей – аснова стабільнасці і ацэнка нашай работы.
Абмеркавалі таксама пытанне функцыянавання службы «адно акно» і ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур.
Адзначана, што штогод расце колькасць заяў, якія паступаюць у «адно акно», за дзевяць месяцаў 2025-га яны выраслі на 18,3% да ўзроўню мінулага года і займаюць трэць у агульным ліку заяў, пададзеных у гарадскі і раённыя выканкамы. Гэта сведчыць аб запатрабаванасці такой формы работы.
Ёсць мэтазгоднасць пашырэння колькасць выкананых адміністрацыйных працэдур. У асобных раёнах назіраецца станоўчая дынаміка па гэтым напрамку, астатнім варта быць больш актыўна. Там, дзе колькасць заяў на аднаго супрацоўніка вышэй сярэднеабласнога, неабходна павялічваць штатную колькасць работнікаў.
Неабходна павышаць эфектыўнасць работы адзінага нумара дыспетчарскай службы 115. Гэта прамая сувязь жыхароў з уладай. Наша задача – аператыўна рэагаваць на звароты, каб чалавек адчуваў, што яго просьба пачута і выканана, падсумаваў старшыня аблвыканкама Іван Крупко.