Гомельскі абласны выканаўчы камітэт

Адрес облисполкома

Адрас: 246050, Гомель, пр. Леніна, 2
Галоўная | Улада
Улада

Будзем шліфаваць рэгіён. На сесіі абласнога Савета дэпутатаў са справаздачай аб рабоце аблвыканкама выступіў губернатар Іван Крупко

14.03.2025
На парадку дня – выкананне абласнога бюджэту ў мінулым годзе, накіраванне рэшткаў сродкаў на канкрэтныя мэты. Работу сесіі ўзначаліла член Савета Рэспублікі, старшыня аблсавета Кацярына ЗЯНКЕВІЧ. 

Зроблена нямала, наперадзе яшчэ больш амбіцыйныя задачы 
Вынікі мінулага года ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, гандлі, эканоміцы ў цэлым уражваюць і абнадзейваюць. Вядучыя прадпрыемствы прамсектара нарошчваюць абароты, тыя, хто прайшоў мадэрнізацыю, падцягваюць паказчыкі. Мільён тон збожжа намалацілі аграрыі, да патрэбнага ўзроўню запоўнілі стабфонды. Мы належна правялі значныя грамадска-палітычныя кампаніі, пераважная большасць жыхароў вобласці падтрымала прыняты дзяржаўны курс і дзеючую ўладу. 
Прыклаўшы гераічныя намаганні, мы ў сціснутыя тэрміны ліквідавалі наступствы разбуральнага ліпеньскага ўрагану. 
Нядрэнная аддача ў будкомплексу: у вобласці ўведзены запланаваныя аб'ёмы жылля, аб'екты аховы здароўя, адукацыі, культурна-гістарычнага значэння, спартыўныя, у тым ліку знакавыя, са шматтысячнай напаўняльнасцю. Пабудаваны сучасныя малочнатаварныя комплексы, свінакомплексы, не адзін дзясятак вытворчых аб'ектаў. Паўсюдна ўдасканальвалася вулічна-дарожная сетка, рэканструяваліся масты, пуцеправоды, пракладваліся новыя дарогі, інжынерныя камунікацыі. Выконваліся меліярацыйныя мерапрыемствы. 
Значная работа праведзена ў сферы добраўпарадкавання, навядзення парадку на зямлі, азелянення ў гарадах і сельскай мясцовасці, аднаўлення і развіцця ляснога фонду, паляпшэння экалагічнай абстаноўкі ў цэлым. Нямала сродкаў укладзена ў адраджэнне чарнобыльскіх зямель, уцягванне іх у эканоміку, будаўніцтва там жылля, інфраструктуры, адкрыццё прадпрыемстваў.
У рамках падпраграмы «Чыстая вада» ў розных раёнах уводзіліся ў строй станцыі абезжалезвання. 

Не даганяць, а апярэджваць
Абмеркавалі і перспектывы развіцця рэгіёна, намецілі планы, расставілі акцэнты. У прыярытэце добраўпарадкаванне ва ўсіх сферах. Як сказаў Прэзідэнт Беларусі, прыйшоў час шліфаваць краіну. 
У пытаннях навядзення парадку, як падкрэсліў Іван Крупко, важна ахапіць усю тэрыторыю вобласці, кожны куток. Пільную ўвагу неабходна надаць аднаўленню, абнаўленню аб'ектаў гісторыка-культурнага значэння, у першую чаргу – месцаў увекавечання памяці аб Вялікай Айчыннай вайне. 
Будзе працягнута актыўнае будаўніцтва з упорам на рэалізацыю дэмаграфічнай палітыкі, а гэта, зноў жа, увод жылых дамоў, сацыяльных аб'ектаў. Плануецца ўкладанне немалых сродкаў ва ўдасканаленне транспартнай інфраструктуры. 
Пазначылі таксама новыя падыходы ў АПК, адраджэнне Прыпяцкага Палесся, праграму «Адзін раён – адзін праект». 
Галоўнае, як было рэзюмавана, гэта работа з людзьмі і дзеля людзей. Гэта значыць, самае цеснае ўзаемадзеянне органаў улады і народа, укараненне сацыяльна арыентаваных праектаў, аператыўнае рэагаванне на аб'ектыўныя запыты і скаргі прадстаўнікоў усіх слаёў насельніцтва. 
Асаблівую ўвагу надалі пяцігодцы якасці, гэта вельмі шматаспектная тэма. Гаворка не толькі пра выпуск прадукцыі, няхай гэта будзе шакалад або камбайны. У гэтым плане, падкрэслівалася, нам ужо мала вырабляць нешта канкурэнтаздольнае. Нам неабходна апярэджваць канкурэнтаў. Але важна памятаць і пра якасць кіравання, грамадскіх адносін. Пра якасць жыцця беларусаў у цэлым. У такім ўсёабдымным пытанні, было сказана, нам патрэбен прарыў, магутны штуршок. Рэсурсы і жаданне для гэтага ёсць, справа за рэалізацыяй. 
Паводле слоў старшыні аблвыканкама, задачы перад Гомельшчынай стаяць складаныя, амбіцыйныя, якія патрабуюць мабілізацыі ад кожнага жыхара рэгіёна. Аб'яднаўшы намаганні органаў улады, кіраўнікоў прадпрыемстваў, дзяржаўных і прыватных, усіх працуючых грамадзян, мы справімся. Абавязкова. 
Удзел у рабоце сесіі прынял памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці Руслан Пархамовіч.

К СПИСКУ НОВОСТЕЙ