Гомельскі абласны выканаўчы камітэт

Адрес облисполкома

Адрас: 246050, Гомель, пр. Леніна, 2

Эканоміка

ЭКАНОМІКА: агульныя аспекты

Гомельская вобласць з'яўляецца найбуйнейшай у Рэспубліцы Беларусь. Плошча яе тэрыторыі – 40,4 тысячі квадратных кіламетраў, што складае пятую частку тэрыторыі рэспублікі. Гомельшчына размешчана на паўднёвым усходзе Беларусі. Мяжуе з Бранскай вобласцю Расіі, а таксама з Кіеўскай, Чарнігаўскай, Жытомірскай і Ровенскай абласцямі Украіны.

У вобласці 21 раён, 18 гарадоў. Найбуйнейшыя гарады вобласці з колькасцю насельніцтва больш за 50 тысяч чалавек: Гомель, Мазыр, Жлобін, Рэчыца і Светлагорск.

Насельніцтва Гомельскай вобласці складае 1 338,6 тысячы чалавек (14,6% агульнай колькасці насельніцтва рэспублікі), у эканоміцы занята 554,1 тысячы чалавек. У адміністрацыйным цэнтры - горадзе Гомель - колькасць насельніцтва складае 501,1 тысячы жыхароў.

Важным аспектам геаграфічнага патэнцыялу рэгіёна з'яўляецца існуючая база прыродных рэсурсаў. На яго тэрыторыі кампактна размешчаны багатыя радовішчы калійнай і каменнай солі, бурых вуглёў, шкляных пяскоў, торфу, мелу, а таксама такія рэсурсы як лес, будаўнічы камень, граніт, гіпс, гліна, гаручыя сланцы.

Эканоміка вобласці прадстаўлена шырокім пералікам відаў дзейнасці як у сферы вытворчасці – прамысловасць, сельская гаспадарка, будаўніцтва, так і ў сферы паслуг – гандаль, транспарт і іншыя.

У структуры рэспубліканскіх аб'ёмаў Гомельская вобласць складае важкі ўклад – гэта каля 19% прамысловай вытворчасці, каля 12% сельскагаспадарчай вытворчасці, 11% рознічнага тавараабароту і будаўніча-мантажных работ, каля 13% інвестыцый у асноўны капітал.

Гомельская вобласць мае значны прамысловы патэнцыял, 

які з'яўляецца асновай эканомікі вобласці і фарміруе каля 40% валавога рэгіянальнага прадукта вобласці. Вядучымі галінамі прамысловасці вобласці з'яўляюцца нафтаздабываючая, нафтаперапрацоўчая, хімічная, машынабудаванне, чорная металургія, харчовая, дрэваапрацоўчая і цэлюлозна-папяровая.

Тут працуе больш за 1,5 тысячы прамысловых прадпрыемстваў, у тым ліку 200 буйных і сярэдніх, на якіх занята больш за 125 тысяч чалавек.

У Гомельскай вобласці здабываецца ўся беларуская нафта, газ, вырабляецца ўся беларуская цэлюлоза, збожжаўборачныя і кормаўборачныя камбайны, больш за 90% сталі і ліставога паліраванага шкла, больш як 80% солі харчовай і вырабаў з фарфору, больш як 20% фанеры, драўняна-кудзелістых пліт, металаапрацоўчых станкоў, 15% калію.

За 2024 год выраблена прамысловай прадукцыі на суму 38,5 млрд. рублёў з тэмпам 99,3%.

На тэрыторыі Гомельскай вобласці размешчаны шэраг прамысловых гігантаў, стабільная работа якіх дае магчымасць рэгіёну быць канкурэнтаздольным.

У лік валаўтваральных для вобласці прадпрыемстваў уваходзяць ААТ «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод», РУП ВА «Беларуснафта», ААТ «Беларускі металургічны» завод – кіруючая кампанія холдынгу «Беларуская металургічная кампанія», РУП «Гомельэнерга», ААТ «Гомсельмаш», ААТ «Гомельскі хімічны завод», ААТ «Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат», ААТ «Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат», ААТ «СветлагорскХімвалакно», ААТ «Тураўскі малочны камбінат».

У вобласці актыўна развіваецца інвестыцыйная дзейнасць. 

За 2024 год укладзена інвестыцый у асноўны капітал на суму 5,5 млрд. рублёў з тэмпам росту 104,2%.

На працягу 2024 года ажыццяўлялася рэалізацыя больш 100 інвестыцыйных праектаў па мадэрнізацыі дзеючых вытворчасцей, стварэнню новых прадпрыемстваў, узвядзенню інфраструктуры і іншым напрамкам, з якіх завершана рэалізацыя 34 праектаў са стварэннем больш як 300 рабочых месц.

Гомельская эканоміка з'яўляецца экспартаарыентаванай – больш за палову ўсёй вырабленай прадукцыі пастаўляецца на знешнія рынкі. Вобласць экспартуе чорныя металы і вырабы з іх, малочную прадукцыю, ялавічыну, мінеральныя змешаныя ўгнаенні, машыны і механізмы для ўборкі і абмалоту сельскагаспадарчых культур і іншае.

Экспарт тавараў і паслуг у 2024 годзе склаў больш за 4,3 мільярды долараў. Геаграфія паставак шырокая – па таварах гэта больш за 70 краін свету, па паслугах – больш за 115 краін свету. Асноўныя напрамкі – расійскі рынак, краіны партнёраў па ЕАЭС, рынкі Кітая.

Значны ўклад у развіццё эканомікі вобласці ўносіць малое і сярэдняе прадпрымальніцтва. У вобласці ажыццяўляюць дзейнасць 37,3 тысяч суб'ектаў прадпрымальніцтва, у тым ліку 9,4 тысяч арганізацый малога і сярэдняга бізнесу і 27,7 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў.