Гомельскі абласны выканаўчы камітэт

Адрес облисполкома

Адрас: 246050, Гомель, пр. Леніна, 2
Галоўная | Эканомiка
Эканомiка

З парога відаць парадак. Максім Рыжанкоў пабываў у гаспадарцы "Звязда" Чачэрскага раёна

27.06.2024

 

Праграма рабочага візіту першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта на Чачэршчыну завяршылася наведваннем ААТ "Звязда" – аднаго з перадавых сельгаспрадпрыемстваў раёна і вобласці.

 Максім Рыжанкоў праінспектаваў мехдвор сельгасарганізацыі і прызнаў высокую гатоўнасць камбайнаў і іншай тэхнікі да ўборкі збожжавых. Асобна пахваліў за наяўнасць у парку старых тэхнічных сродкаў, блізкіх да спісання ў сілу ўзросту, але ўсё яшчэ працуючых. За такім беражлівым стаўленнем да рарытэтаў бачны сапраўды руплівы гаспадар.

 Бачна гаспадарская рука і ў агульнай чысціні, парадку на ўсіх аб'ектах прадпрыемства. І ў тым, як захоўваюцца сабраныя кармы.

 Наведалі аб'ект – малочнатаварны комплекс на 1300 галоў. Сумневаў у яго ўводзе ў канцы 2025 года няма, пытанні з фінансаваннем вырашаны. Новы МТК значна павысіць прыбытак гаспадаркі, выхад малака і мяса.

 Мэтай рабочай паездкі ў раён, сказаў Максім Рыжанкоў падчас размовы з журналістамі, стала азнаямленне з перспектывамі развіцця ўсходу Гомельшчыны. Шэраг гэтых раёнаў пацярпеў ад наступстваў катастрофы на ЧАЭС, таму сёння асаблівая ўвага да забеспячэння спрыяльных умоў жыццядзейнасці для насельніцтва, якаснага медабслугоўвання, развіцця сацыяльнай сферы. На Чачэршчыне гэта ёсць, падкрэсліў Максім Уладзіміравіч. Прыемна бачыць, як прагрэсіруе сельская гаспадарка, па асобных паказчыках чачэрскія аграрыі апярэджваюць сярэднеабласны ўзровень. Застаецца паднаціснуць, заўважыў Максім Рыжанкоў, з адкрыццём у раёне новых вытворчасцей, стварэннем працоўных месцаў.

 

К СПИСКУ НОВОСТЕЙ