Эканомiка
Уся Гомельшчына ў гандлёвым цэнтры Мінска. Іван Крупко наведаў перспектыўны аб'ект у сталіцы
08.12.2023

Новы гандлёвы цэнтр на праспекце Незалежнасці, 134, хутка расчыніць дзверы перад наведвальнікамі. Канцэпцыя ГЦ у тым, што на яго ўзроўнях размесцяць свае гандлёвыя пляцоўкі ўсе рэгіёны рэспублікі.
Шматузроўневы гандлёвы цэнтр "Першы нацыянальны гандлёвы дом" размешчаны паміж двума жылымі шматпавярховымі дамамі мудрагелістай, востраканцовай формы. Насупраць вядомага гандлёвага аб'екта Dana Mall. Непадалёк будынак Нацыянальнай бібліятэкі. Павільён Гомельскай вобласці займае практычна цэлы ўзровень ГЦ, ён прадстаўлены гандлёвымі дамамі вядучых вытворцаў рэгіёну. Тэхнічна ўсё ўжо ўвасоблена, разбіта на прасторныя аддзелы. Чытаем шыльды на вітрынах: "Камінтэрн", "8 Сакавіка", "Белфа", "Гомельдрэў" і "Рэчыцадрэў"... А тут будзе мір прысмакаў ад фабрыкі "Спартак". Далей аддзел "Смачны край" (прадукцыя "Мілкавіты", Рагачоўскага МКК, Тураўскага малочнага камбіната, "Бел-Сыр"). Ёсць і выставачная зала, дзе будуць прэзентаваць навінкі прадукцыі, знакавыя тавары.
Старшыня аблвыканкама Іван Крупко з намеснікамі Андрэем Канюшка, Андрэем Бараноўскім, начальнікам галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг аблвыканкама Аляксандрам Качанам ацанілі размах плошчаў, гандлёвы патэнцыял, які закладзены тут для Гомельшчыны. Зусім хутка, а менавіта – да канца гэтага года, ён будзе раскрыты – аб'ект здадуць у эксплуатацыю. Няма ніякіх сумневаў: нам будзе што прапанаваць і чым уразіць мінчан і гасцей сталіцы.