Эканомiка
У аблвыканкаме правялі пашыранае пасяджэнне па фінансава-эканамічнай сітуацыі ў лесагаспадарчай галіне рэгіёна
20.10.2023

Правялі нараду старшыня аблвыканкама Іван Крупко і міністр лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік. Абмяркоўвалі ў першую чаргу скарачэнне выдаткаў, павелічэнне выручкі, работу з кадрамі, паведамляе тelegram-канал "Гомельшчына афіцыйна".
Усё гэта, на думку спецыялістаў, дапаможа выйсці на бясстратную работу асобных лясгасаў рэгіёна. Установам гэтай галіны аказваецца фінансавая, у тым ліку бязвыплатная, і кансультатыўная сістэмная падтрымка як з боку Мінлясгаса, так і ад аблвыканкама.
Аляксандр Кулік адзначыў, што прадукцыя і цэны на яе ва ўсіх аднолькавыя:
– Аб'ём разліковай лесасекі на Гомельшчыне адзін з самых высокіх. Плюс вельмі добрыя кадры. Але вынік ёсць не ўсюды.
На нарадзе прыйшлі да адзінага меркавання: часткова праблему вырашыць штомесячнае павелічэнне паставак сыравіны – балансавай драўніны – на Добрушскую папяровую фабрыку і Светлагорскі ЦКК. Аднак патрэбны і іншыя ідэі.
У аблвыканкаме выпрацавалі дадатковы комплекс мер.
– Перафарматаваць эканоміку, замацаваць за лясгасамі адказных работнікаў з ПЛГА, такая практыка ў вобласці дае свой плён. І не забудзьцеся вывучыць штатны расклад у частцы ІТР, – пералічыў перспектыўныя напрамкі работы губернатар.