Эканомiка
Традыцыі шклавараў і цуд-вата. Дэлегацыя металургаў з Кітая наведала гомельскія прадпрыемствы
26.02.2025

Прадстаўнікі Кітайскай 19-й металургічнай карпарацыі пабывалі на адкрытых акцыянерных таварыствах "Гомельшкло" і "Гомельбудматэрыялы".
"Гомельшкло", дзе больш за два гады таму завяршылася маштабная мадэрнізацыя, з'яўляецца найбуйнейшым вытворцам і перапрацоўшчыкам шкла ў краіне. Для партнёраў з КНР, так скажам, прадпрыемства не чужое – у вытворчых працэсах тут задзейнічана кітайскае абсталяванне. У тым ліку для выпуску новых відаў прадукцыі, такіх як паліцы для халадзільнікаў і шкло з розным пакрыццём.
Дэлегатам расказалі пра асаблівасці шкляной вытворчасці, перавагі прадукцыі, якія могуць прапанаваць спажыўцам гамяльчане. Паказалі таксама завадскі музей, дзе прадстаўлена гісторыя слаўнага традыцыямі працоўнага калектыву.
Яшчэ адзін буйны вытворца, які вядзе ў сваёй нішы, – "Гомельбудматэрыялы". Манапаліст на рынку мінеральнай ваты. Тут выпускаюць і іншую прадукцыю для патрэб будаўнічага комплексу. Галоўны экспартны кірунак – Расія. Хоць у КНР у таварах такога роду адназначна зацікаўлены, нават з улікам лагістыкі.
Кітайцы прайшліся па цэхах і прасачылі шлях, які праходзяць будматэрыялы ад вытворчых ліній да склада гатовай прадукцыі. Кіраўнік дэлегацыі, намеснік генеральнага дырэктара Кітайскай карпарацыі Хуан Тайпін адзначыў высокую культуру вытворчасці на працоўных месцах і ў цэлым на прадпрыемстве. Дэлегаты пахвалілі таксама якасць вырабаў, у прыватнасці, блокаў з ячэістага бетону, цеплаізаляцыйных матэрыялаў, керамічных цаглін.
У горадзе над Сожам дэлегацыю суправаджаў намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Віктар Галанаў. Па словах намесніка міністра, супрацоўніцтва гэтай карпарацыі з нашай краінай носіць даўні характар, іх сфера інтарэсаў перш за ўсё закранае інжынірынг і перапрацоўку мінеральна-сыравінных рэсурсаў, але таксама яны пазіцыянуюць сябе як сур'ёзныя інвестары. У нашай рэспубліцы, падкрэсліў Віктар Галанаў, дастаткова прадпрыемстваў, якія працуюць на ўласнай мінеральнай сыравіне. Укладваць сродкі ў развіццё менавіта такіх вытворцаў – адна з прыярытэтных задач. Безумоўна, для гэтай мэты важна прыцягваць і замежны капітал.
Госці з Паднябеснай наведалі таксама палацава-паркавы ансамбль у Гомелі. Як вядома, гэта месца выдатнае ў любое надвор'е – і старадаўні парк, і сам палац Румянцавых і Паскевічаў, дзе для патэнцыйных партнёраў арганізавалі грунтоўную экскурсію. Дэлегаты падзяліліся ўражаннямі ад убачанага, па іх словах, гэты гістарычны помнік на беразе Сожа – сапраўдная жамчужына нашага краю.