Эканомiка
Свінакомплекс ААТ «Уцеўскае» ў Добрушскім раёне здадзены ў эксплуатацыю
17.12.2024

Аб'ект наведаў старшыня аблвыканкама Іван Крупко.
Комплекс на 7200 жывёла-месцаў уключае восем хлявоў, злучаных галерэяй, памяшканні для каранціну. Да працы ўсё гатова, падключаны неабходныя камунікацыі. Усе працэсы аўтаматызаваны, працаваць на комплексе ў сярэднім будзе 40–50 чалавек, калектыў ужо падабраны.
– Комплекс пабудаваны і з сённяшняга дня пачынае падрыхтоўку да прыёму племяннога маладняку. Трэба працаваць, каб з 2025 года тут ужо была свая прадукцыя, – канстатуе Іван Крупко.
Плануецца, што свінакомплекс будзе прадаваць у год 3500 галоў чыстапародных жывёл ёркшырскай пароды: 3000 свінак і 500 кныроў. У першую чаргу іх будуць рэалізоўваць на тэрыторыі Гомельскай вобласці, пасля – у гаспадаркі рэспублікі і за мяжу.
За суткі сярэднясутачнае прыбаўленне ў вазе павінна будзе складаць каля 700–800 грамаў. Улічваючы, што ўмовы тут створаны самыя сучасныя, такіх паказчыкаў дабіцца цалкам рэальна.
– Калі выконваць усе тэхналагічныя пытанні, то комплекс будзе працаваць устойліва, – падагульніў губернатар Іван Крупко.
На працягу месяца будзе праводзіцца санапрацоўка, яшчэ месяц – дэзінфекцыя. Плануецца, што першых жывёл на свінакомплекс ва Уці завязуць у пачатку сакавіка.