Эканомiка
Старшыня аблвыканкама Іван Крупко праверыў гатоўнасць ферм да зімова-стойлавага перыяду
11.10.2023

Выязную нараду з удзелам старшынь райвыканкамаў правялі на базе Гомельскага раёна. Кіраўнік вобласці праверыў, што зроблена па яго даручэнні.
Агульная гатоўнасць жывёлагадоўчых комплексаў у раёне – 77%. Работы завяршаюць на дзесяці аб'ектах, дзе будуць утрымліваць жывёлу зімой.
Першы пункт у маршруце Івана Крупко – ферма агракамбіната "Паўднёвы" ў Пакалюбічах. Змяшчаецца на комплексе 1500 галоў, з іх 494 – дойны статак. Сярэднясутачныя надоі тут нядрэнныя – 15 літраў ад каровы, у параўнанні з мінулым годам плюсуюць амаль у два разы. Сярэднясутачнае прыбаўленне у вазе БРЖ – 630 грамаў.
У гаспадарцы ёсць свая будаўнічая і рамонтная брыгады, на працягу года яны працуюць на ўсіх пяці фермах і абслугоўваюць нямала аб'ектаў: беляць сцены, рамантуюць вароты, перакрываюць дахі. Калі надвор'е дазваляе, шклопакеты не ўстаўляюць, а вось у кароўніках, дзе трэба падтрымаць тэмпературны рэжым, вокны мяняюць досыць хутка.
Цяпер будаўнікі задзейнічаны на ўзвядзенні мадыфікаванага цялятніка – гэта крыты ангар па тыпе прафілакторыя: кожнае цяля будзе стаяць у сваім міні-сарайчыку, для жывёл прадугледжаны нагрэў вады. Пасля таго як падрастуць, іх будуць пераводзіць у агульны хлеў.
Аднак ёсць на ферме і недахопы, на іх звярнуў увагу губернатар. Напрыклад, рэкамендаваў ветслужбе праверыць якасць корму і ўмовы яго захоўвання:
– Ёсць змены ў лепшы бок. Але гэтага нядосыць. Дайдзіце да кожнага аб'екта, дробязяў не павінна быць. Яшчэ раз паглядзіце дахі адрын, вентыляваныя акенцы, кармавыя сталы.
Удзельнікі нарады пабывалі таксама на ферме "Чырвонае" ААТ "Камбінат "Усход". Сёлета тут нарыхтавалі 34 цэнтнеры кармавых адзінак на галаву, што амаль на 60 працэнтаў больш за мінулагодні. За кошт павелічэння кармавой базы плануюць прыбавіць і па надоях.
– Да зімы гатовыя, падлогі пераслалі, водапаенне наладзілі, усё працуе. З гэтым праблем не павінна быць. Адзінае пытанне – дах у арачнага кароўніка на гэтай ферме трэба перакрываць, але праект дарагі, – дзеліцца дырэктар камбіната Кірыл Шкірман.
Іван Крупко падкрэсліў, што на 100 працэнтаў фермы павінны быць гатовы да зімы да 1 лістапада. Гэтае пытанне – пад асабістую адказнасць старшыняў райвыканкамаў.