Эканомiка
Новую вытворчасць правільнага абутку наведаў Раман Галоўчанка ў Гомелі
15.12.2023

Вытворчасць дзіцячага і падлеткавага прафілактычнага абутку IDZI запусцілі ў мінулы панядзелак на базе Гомельскага філіяла Беларускага пратэзна-артапедычнага аднаўленчага цэнтра.
Сёння цэх па пашыве абутку наведаў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка.
– Насіць гэты абутак можа любы чалавек. Гэты карысны абутак з элементамі артапедыі. Запусцілі падобную вытворчасць ў Гомелі для таго, каб не дапускаць сур'ёзных праблем у дзяцей і ім не спатрэбіўся спецыяльны абутак, – прэзентаваў гасцям мадэльны шэраг абутку генеральны дырэктар Беларускага пратэзна-артапедычнага аднаўленчага цэнтра Уладзімір Калевіч.
У лінейцы дзіцячага і падлеткавага прафілактычнага абутку будуць летняя і зімовая калекцыі, усяго плануюць выпускаць каля 50 мадэляў. Яны падыдуць рабятам з двух да чатырнаццаці гадоў.
Зараз на вытворчасці праводзяць пуска-наладачныя работы, створана 34 працоўныя месцы, людзей навучаюць. Пасля ў цэху будуць працаваць 56 чалавек.
У наступным годзе тут плануюць выпусціць 42 тысячы пробных пар, пасля выхаду на поўную магутнасць з 2025-га пачнуць вырабляць 84 тысячы ў год, у змену гэта 350 пар абутку.
Рэалізоўваць прадукцыю будуць праз інтэрнэт-краму, гандлёвыя сеткі, дзяржаўныя крамы. Прадпрыемства ўжо гатова ўдзельнічаць з новымі мадэлямі на выстаўках у Расіі, вядуцца перамовы з партнёрамі з Казахстана, Узбекістана і Кыргызстана.
Серыйная вытворчасць падобных відаў абутку наладжана толькі ў Гомелі.