Эканомiка
Нарада па пытаннях у сферы АПК прайшла ў аблвыканкаме
12.12.2023

Кіраўнік дзяржавы год таму паставіў перад Гомельскай вобласцю задачу навесці парадак у жывёлагадоўлі. Кантралююць выкананне даручэння Генпракуратура, МУС, адказны за рэгіён.
Вынікі падвялі на нарадзе аб сітуацыі ў сферы АПК ў аблвыканкаме. У пасяджэнні каардынацыйнага савета па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй бралі ўдзел старшыня аблвыканкама Іван Крупко, генпракурор Андрэй Швед, намеснік кіраўніка спраў Прэзідэнта Мікалай Рагашчук, міністр унутраных спраў Іван Кубракоў, памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Горлаў, праваахоўнікі і старшыні райвыканкамаў.
– Сёння трэцяя нарада падобнага роду. Канстатуем, што пазітыўныя змены ёсць, мы назіраем павелічэнне пагалоўя на 6100 галоў, зніжэнне падзяжу жывёлы амаль на 100 галоў за год. З 61 узбуджанай крымінальнай справы асноўная маса – прыпіскі мінулых гадоў, – назваў лічбы пракурор Гомельскай вобласці Віктар Марозаў. – Ніхто за прыпіскі 2023 года не прыцягваўся. Гэта сведчыць аб тым, што мы перамянілі псіхалогію кіраўнікоў.
Выхаваўчы эфект мелі гучныя працэсы, выязныя судовыя пасяджэнні, прафілактычная работа, упэўнены пракурор.
Праваахоўнікі зрабілі выснову, што не на ўсіх тэрыторыях парадак навялі, а некаторыя кіраўнікі ўсё яшчэ спрабуюць утойваць праўдзівую інфармацыю. Так, пракуратура вобласці накіравала крымінальную справу ў дачыненні да былога старшыні Лельчыцкага райвыканкама і яго першага намесніка, якія абвінавачваюцца ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі: яны падштурхоўвалі кіраўнікоў гаспадарак, каб тыя рознымі спосабамі прыкрывалі падзёж буйной рагатай жывёлы.
Аднак у цэлым на Гомельшчыне сітуацыя прыкметна палепшылася, работу і мясцовыя органы ўлады, і людзі ў пагонах прадоўжаць, каб выключыць правапарушэнні ў сельскай гаспадарцы надалей.
Як адзначыў у сваім дакладзе першы намеснік старшыні аблвыканкама Дзмітрый Петражыцкі, у другім паўгоддзі 2023-га быў больш жорсткім кантроль з боку раённых і абласных структур кіравання за выпойваннем і ўтрыманнем маладняку, што дазволіла знізіць яго падзёж на 13% да аналагічнага перыяду мінулага года.
– Адзін з фактараў – паляпшэнне імуннага статусу маладняку. Асабліва ў Веткаўскім, Гомельскім, Добрушскім раёнах. А таксама будаўніцтва 37 прафілакторыяў, – удакладніў Дзмітрый Петражыцкі.
Работу прадоўжаць і ў 2024 годзе. У планах будаўніцтва 42 новых і рэканструкцыя 21 памяшкання, што дазволіць стварыць дадаткова 6200 жывёламесц практычна па ўсёй вобласці. Істотна дапаможа палепшыць сітуацыю нарыхтаваныя ў дастатковай колькасці кармы – 31,32 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, набыццё 120 пастэрызатараў.