Эканомiка
На кантролі губернатара: хірургічны корпус абласнога клінічнага анкалагічнага дыспансера будуецца ў дзве чаргі
27.11.2025
Пра этапы ўзвядзення аб'екта па вуліцы Медыцынскай, 2, у Гомелі журналістам расказаў намеснік генеральнага дырэктара – галоўны інжынер абласнога УКБ Генадзь Дамасканаў.
Хірургічны корпус з аперацыйным блокам і рэанімацыйным аддзяленнем будуецца за кошт сродкаў дзяржаўнай праграмы па ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС.
Работы падзеленыя на дзве чаргі. Першая – падрыхтоўчы перыяд: перанос і знос сетак інжынернай інфраструктуры, будаўніцтва газіфікатара і трансфарматарнай падстанцыі. На дадзены момант праводзяцца пуска-наладачныя работы з падключэннем сетак электразабеспячэння. Плануецца, што першая чарга будзе завершана ў снежні гэтага года.
Паралельна вядуцца работы другой чаргі будаўніцтва. Гэта сяміпавярховы будынак хірургічнага корпуса з пераходнай галерэяй на ўзроўні трэцяга паверха, харчаблок з пераходнай падземнай галерэяй, будынкі помпавай станцыі і дызель-генератарнай ўстаноўкі, добраўпарадкаванне тэрыторыі, аўтапаркоўка ўздоўж вуліцы Давыдаўскай, інжынерныя сеткі.
Для зручнасці другая чарга разбіта на восем этапаў. Праектна-каштарысная дакументацыя па першых пяці ўжо атрымана, на будоўлі вахтавым метадам працуюць каля 25 чалавек, яны ўзводзяць першы паверх асноўнага корпуса. Па шостым этапе падбіраецца падрадчык, па сёмым і восьмым дакументы знаходзяцца на экспертызе.
– Першы паверх корпуса – гэта прыёмнае аддзяленне, агульнае памяшканне, гісталагічная лабараторыя. З другога па пяты паверхі – палаты аддзяленняў пухліны шыі і галавы, мамалогіі, уралогіі, таракальнае аддзяленне. На шостым паверсе размесціцца анестэзіялогія і рэанімацыя, на сёмым – хірургічны блок на дзевяць ложкаў, – пазначыў планы Генадзь Дамасканаў.
Будаўнікі пачалі работы ў красавіку, па нарматыўных тэрмінах аб'ект павінен быць гатовы ў 2027 годзе. Узвядзенне корпуса знаходзіцца на асабістым кантролі старшыні аблвыканкама Івана Крупко.