МПЗ плануе поўнасцю перайсці на электроннае ўзаемадзеянне з плацельшчыкамі

Міністэрства па падатках і зборах плануе поўнасцю перайсці на электроннае ўзаемадзеянне з плацельшчыкамі. Аб гэтым расказаў міністр па падатках і зборах Сяргей Налівайка на канферэнцыі "Практыка прымянення заканадаўства ў сферы падаткаабкладання і асноўныя змяненні ў 2024 годзе", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Ужо шмат гадоў Міністэрства па падатках і зборах дэманструе прыхільнасць да прынцыпаў кліентаарыентаванасці і развіцця лічбавых інструментаў узаемадзеяння, адзначыў Сяргей Налівайка. "Калі некалькі гадоў таму мы гаварылі аб гэтым як аб перспектыве, як аб тых рэчах, якія нам яшчэ неабходна ўкараніць і рэалізаваць, то сёння многія рэчы мы ўжо зрабілі, але, вядома, далёка не ўсе", - сказаў ён.
Сяргей Налівайка адзначыў, што заўтра адбудзецца калегія МПЗ, дзе будзе зацверджана стратэгія развіцця падатковых органаў на чарговыя тры гады. "У прынцыпе, пераемнасць захоўваецца. У ёй будзе два вялікія блокі: лічбавае развіццё і кліентаарыентаванасць. Усе рэчы, якія ўжо рэалізаваны, мы будзем пашыраць і паглыбляць", - заявіў міністр.
Паводле яго слоў, на 2024-2025 гады ведамства ставіць перад сабой задачу рухацца ў напрамку поўнага адыходу ад адносін з плацельшчыкамі на паперы і перайсці на электроннае ўзаемадзеянне. "Усе рэалізаваныя крокі паўплывалі на ўзровень узаемадзеяння паміж падатковымі работнікамі і плацельшчыкамі. Таксама значна знізілася колькасць праверак. Тыя паведамленні, якія накіроўваюцца ў адрас плацельшчыкаў па камеральным кантролі, - гэта не падазрэнне або прэтэнзія, а, хутчэй, запрашэнне да размовы на роўных. Мы заўсёды з вялікай увагай і павагай ставімся да аргументаў, якія атрымліваем на гэтыя паведамленні", - адзначыў Сяргей Налівайка.