Эканомiка
Максімальна зацікаўлены ў супрацоўніцтве. Дэлегацыя Арлоўскай вобласці наведала "Гомсельмаш"
02.04.2024

З мэтай умацавання не толькі дружалюбных адносін, але і гаспадарчых сувязяў, у склад расійскай дэлегацыі ўвайшлі кіраўнікі буйных прадпрыемстваў Арлоўскай вобласці.
Адзначалася, што адзін з важных аспектаў трохдзённага візіту дэлегацыі ў Рэспубліку Беларусь – правядзенне святочных мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня яднання нашых народаў.
На сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з губернатарам расійскага рэгіёна Андрэем Клычковым абмяркоўвалася пытанне аб размяшчэнні на тэрыторыі Арлоўскай вобласці мультыбрэндавага прадстаўніцтва, у склад якога ўвайшоў бы «Гомсельмаш».
– Прадукцыю гэтую мы добра ведаем. Толькі сёлета ўжо набыта больш за 20 адзінак уборачнай тэхнікі кампаніі «Гомсельмаш». Арлоўская вобласць заўсёды адрознівалася развітай сельскай гаспадаркай, таму якасная прафесійная тэхніка вельмі нам патрэбна. Мы бачым, што ў кампаніі «Гомсельмаш» дасягнуты высокі ўзровень лакалізацыі расійскай і беларускай тэхнікі – 96 працэнтаў сур'ёзны паказчык, таму сёння мы максімальна зацікаўлены ў супрацоўніцтве, – адзначыў Андрэй Клычкоў.
З Арлоўскай вобласцю холдынг «Гомсельмаш» знаёмы ўжо досыць доўга, але, па словах генеральнага дырэктара кіруючай кампаніі Аляксандра Новікава, толькі за апошнія гады гэта супрацоўніцтва атрымала новы вектар. У 2024 годзе набыты больш за 20 адзінак высокапрадукцыйных камбайнаў GS 2124 магутнасцю 530 конскіх сіл.
– Арлоўская вобласць гэта не толькі нашы суседзі, але і нашы сябры, нашы партнёры, і мы са свайго боку гатовы падставіць плячо аграрыям вобласці, каб наша тэхніка ў патрэбны час, у сезон не падвяла, – падкрэсліў Аляксандр Новікаў.
У рамках наведвання «Гомсельмаша» госці агледзелі экспанаты на пастаянна дзеючай выставе сельскагаспадарчай тэхнікі, што выпускаецца ў холдынгу, наведалі механазборачны корпус № 1, азнаёміліся з вытворчасцю камбайнаў на зборачным канвееры.