Эканомiка
Курская і Гомельская вобласці падпісалі ў Маскве пагадненне аб супрацоўніцтве
11.01.2024

Пагадненне аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве паміж Гомельскай і Курскай абласцямі падпісалі сёння губернатары рэгіёнаў Іван Крупко і Раман Старавойт.
Цырымонія прайшла ў рамках прэзентацыі Курскай вобласці на выставе "Расія", якая праходзіць зараз на ВДНГ.
Супрацоўніцтва паміж дзвюма абласцямі плённа развіваецца ў рамках падпісанага яшчэ ў кастрычніку 1997 года першага двухбаковага пагаднення.
– Дзякуючы брацкім адносінам у нас вялікія магчымасці і невычэрпныя рэсурсы для далейшага нарошчвання ўзаемавыгадных кантактаў, – падкрэсліў Іван Крупко, змацоўваючы дакумент подпісам.
За дзевяць месяцаў мінулага года знешнегандлёвы тавараабарот Гомельскай і Курскай абласцей склаў 35,7 мільёна долараў ЗША, рэгіёны спрацавалі ў плюс на 19,2 мільёна.
Сваю прадукцыю куранам экспартуюць Гомельскі хімзавод, БМЗ, "Гомсельмаш", "Беларускія шпалеры", "Алкапак", "Мультыпак", "Мазырсоль", "ГЗЛіН", "Гомельбудматэрыялы", "Рэчыцадрэў" і іншыя прадпрыемствы. Гэта мінеральныя ўгнаенні, будматэрыялы, камбайны, касілкі, кардон і папера, плёнка і пластмасавая тара.
У сваю чаргу Гомельшчына закупляе ў партнёраў з Курскай вобласці свініну, электрычныя акумулятары, канвеерныя стужкі, кардонныя скрыні і мяшкі з ПВХ, насенне сланечніка.