Кожны камбайн павінен быць у страі: у аблвыканкаме абмеркавалі гатоўнасць рэгіёна да ўборачнай кампаніі

Нараду па пытаннях сельскай гаспадаркі
правёў старшыня аблвыканкама Іван Крупко. Удзел прыняў памочнік Прэзідэнта – інспектар
па Гомельскай вобласці Руслан Пархамовіч.
Ключавая тэма – гатоўнасць рэгіёна да
ўборачнай кампаніі.
– Усе наяўныя ў гаспадарках камбайны
павінны быць у страі. На кожны камбайн неабходна прадугледзіць механізатара. У
выпадку паломкі тэхнікі няма нічога важней за яе рамонт. Выкананне тэрмінаў
уборкі – вось першарадная задача для старшынь райвыканкамаў у дадзены момант, –
расставіў акцэнты губернатар.
Кіраўнік рэгіёна станоўча ацаніў усходы
ў Мазырскім, Нараўлянскім, Чачэрскім, Рагачоўскім, Веткаўскім, Ельскім,
Хойніцкім раёнах. Ёсць над чым працаваць Рэчыцы і Карме.
– Не забывайце пра падрыхтоўку сушыльных
гаспадарак, плюшчылак. Іх графік павінен быць распісаны мінімум на тыдзень. І
не пакідайце на апошні момант уборку саломы з палёў, – падкрэсліў Іван Крупко.
Яшчэ адно з пытанняў – нарыхтоўка
травяных кармоў. На Гомельшчыне ўбрана 92% траў першага ўкосу. Недацягваюць да
сярэднеабласнога паказчыка Светлагорскі і Акцябрскі раёны.
– Паскарайцеся. У максімальна сціснутыя
тэрміны неабходна завяршыць уборку траў, трэба ўжо займацца другім укосам.
Пытанне застаецца на штодзённым кантролі, – паставіў задачу Іван Крупко.
Старшыня аблвыканкама таксама звярнуў
увагу на своечасовую падрыхтоўку плошчаў да сяўбы азімых, добраўпарадкаванне
зямель уздоўж рэспубліканскіх трас. Асобна абмеркавалі пытанні захаванасці
жывёлы і рэалізацыі малака, абнасеньвання жывёл.