Эканомiка
Іван Крупко вывучыў перспектывы сацыяльна-эканамічнага развіцця Калінкавіцкага раёна ў 2024 годзе
18.03.2024

Пытанне разгледзелі на пасяджэнні пад старшынствам губернатара Івана Крупко.
– Па выніках мінулых гадоў вы недацягваеце да сярэднеабласнога ўзроўню. У раёне дастаткова перадумоў для паспяховага развіцця: працоўныя рэсурсы, вялікі прамысловы і сельскагаспадарчы патэнцыял. Але ўсё гэта не раскрываецца ў поўнай меры, – канстатаваў старшыня аблвыканкама.
Індэкс прамысловай вытворчасці за студзень і люты прыбаўляе да ўзроўню мінулага года і складае 109,4%, па выніках квартала ён будзе вышэйшы за даведзены паказчык і складзе больш як 106%, запэўнівае старшыня райвыканкама Сяргей Гвоздзь.
На тэрыторыі Калінкавіцкага раёна 11 прамысловых прадпрыемстваў, чатыры з іх працуюць менш эфектыўна. Па словах кіраўнікоў, да канца года сітуацыя выраўнуецца.
У мінулым годзе на СТАА "Белсыр" у Калінкавіцкім раёне завершана мадэрнізацыя – рэканструяваны вытворчы цэх, яшчэ адзін прыбудаваны. У 2024-м на прадпрыемстве плануюць стварыць дадатковыя працоўныя месцы.
Яшчэ 26 новых працоўных месцаў арганізуюць і на прыватным прадпрыемстве, якое сёлета наладзіць вытворчасць па перапрацоўцы пластмас.
– Распрацоўвайце новыя праекты па стварэнні інавацыйнай прадукцыі, самыя перспектыўныя заяўкі будзем фінансаваць з абласнога фонду, – прапанаваў кіраўнікам прадпрыемстваў губернатар.
Старшыня аблвыканкама акцэнтаваў увагу на павышэнні ўзроўню замацавання маладых спецыялістаў:
– Нельга няўважліва ставіцца да моладзі. Кантралюйце забяспечанасць жыллём, заработнай платай, настаўнікамі. Стабільную працу і фінансавы дастатак – вось што вы павінны забяспечыць людзям. Нельга страціць спецыялістаў. Асабліва гэта тычыцца сельскай гаспадаркі.
Пагалоўе жывёлы ў Калінкавіцкім раёне – звыш 40 тысяч галоў, на тэрыторыі размешчана больш за 60 жывёлагадоўчых ферм.
У мінулым годзе ў раёне пабудавалі новы прафілакторый на 80 жывёламесцаў для ўтрымання цялят, на некаторых фермах рэканструявалі хлявы. З'явілася і новая малочнатаварная ферма на 800 галоў, зернесушыльны комплекс, іншыя аб'екты. У гаспадарках, дзе праводзілася мадэрнізацыя, вынікі ёсць: павялічыліся надоі і прыбаўленне жывёлы ў вазе. У гэтым годзе работу працягнуць.
– Павялічвайце нагрузку пагалоўя на гектар раллі. Займайцеся сяўбой травы. Пакласці своечасова корм і падаіць па тэхналогіі – тады будуць патрэбныя аб'ёмы. А ваша задача – атрымліваць 15–20 літраў на карову ў кожнай гаспадарцы, – абазначыў праграму мінімум для раёна Іван Крупко.
І тут жа дае даручэнне: павялічыць тэмпы вытворчасці сельгаспрадукцыі ў другім квартале.
На нарадзе абмеркавалі таксама развіццё сацыяльнай сферы, сістэмы ЖКГ і нарошчванне тэмпаў будаўніцтва індывідуальных жылых дамоў.
– Задача ў раёна адна: сабрацца ў адзіную каманду і выканаць усе абяцанні, якія далі людзям. Патрэбны выразны падыход да ўсяго і падрабязныя праграмы па ўсіх напрамках. Сустрэнемся з вамі па выніках працы ў першым паўгоддзі, – рэзюміраваў старшыня аблвыканкама.