Эканомiка
Іван Крупко правёў дзелавую сустрэчу з партнёрамі з Кітая
10.05.2025

Старшыня аблвыканкама Іван Крупко сустрэўся з дэлегацыяй Сіньцзян-Уйгурскага аўтаномнага раёна Кітайскай Народнай Рэспублікі на чале з намеснікам начальніка сакратарыята народнага ўрада раёна Лю Цзяньго.
Супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі пачалося ў 2016 годзе з падпісання Пратакола аб намерах па ўсталяванні дружалюбных адносін, у 2023 годзе заключана пагадненне аб пабрацімстве абласцей. У верасні 2024 года падпісаны Мемарандум аб супрацоўніцтве паміж Гомелем і Урумчы.
– За гэтыя гады наша сяброўства стала мацнейшым і выйшла на новы ўзровень. Сёння мы ўпэўнена ідзём насустрач адзін аднаму, развіваем наша супрацоўніцтва – эканамічныя і гуманітарныя сувязі ў духу ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і жалезнага братэрства. Гомельшчына зацікаўлена ў развіцці супрацоўніцтва з Сіньцзянам і нарошчванні ўзаемных паставак высакаякасных тавараў, – запрасіў да канструктыўнага дыялогу Іван Крупко.
Гасцям прэзентавалі эканамічны, прамысловы і экспартны патэнцыял Гомельшчыны.
За апошнія пяць гадоў тавараабарот Гомельскай вобласці з Кітаем вырас у два разы, а пачатак 2025 года дэманструе актыўную дынаміку ўзаемных паставак. На гэтым зрабіў акцэнт губернатар. Аснову экспарту складаюць цэлюлоза, мяса-малочная і кандытарская прадукцыя. Асноўную долю ў імпарце з Кітая займаюць прамысловыя тавары.
Кіраўнік рэгіёна назваў тры перспектыўных напрамкі супрацоўніцтва: пастаўка ў Сіньцзян прадуктаў харчавання, рэалізацыя прамысловых і транспартна-лагістычных праектаў у паўднёва-ўсходнім рэгіёне Беларусі з прэферэнцыямі свабоднай эканамічнай зоны «Гомель-Ратон», турыстычная сфера. Для гэтага на Гомельшчыне распрацавана дарожная карта з дэталёвым планам дзеянняў, пасля ўзгаднення яе прапануюць падпісаць з кіраўніцтвам Сіньцзян-Уйгурскага аўтаномнага раёна.
Старшыня аблвыканкама таксама ўручыў гасцям запрашэнне на Гомельскі эканамічны форум.
У сваю чаргу партнёры з Кітая прэзентавалі патэнцыял свайго рэгіёна, які з'яўляецца свайго роду калідорам паміж Еўропай і Азіяй і запрасілі гамяльчан на міжнародную выставу «Кітай – Еўразія».
– Валодаючы багатымі энергетычнымі рэсурсамі і унікальным размяшчэннем, наш раён засяроджаны на стварэнні важнага калідора паміж Азіяй і Еўропай, Сіньцзян з'яўляецца апорнай платформай для адкрыцця Кітая на захад. Мы сканцэнтраваны на мадэрнізацыі прамысловых кластараў, паскарэнні стварэння ўрадлівай глебы для прамысловых інавацый і інвестыцый ўнутры краіны і за яе межамі. У дружбе з Гомельшчынай ёсць трывалая аснова і значныя перавагі для далейшага супрацоўніцтва на рэгіянальным узроўні, – падкрэсліў Лю Цзяньго.
Для сябе партнёры з Кітая выдзелілі некалькі важных напрамкаў супрацоўніцтва: паглыбленне дружалюбных абменаў, умацаванне сувязяў у сферы спецыялізаваных галін – сельскай гаспадарцы і машынабудаванні, лёгкай прамысловасці і здабычы карысных выкапняў. Цікавіць гасцей таксама вытворчая кааперацыя, культурна-турыстычныя абмены.
Члены дэлегацыі з КНР падзякавалі кіраўніцтву Гомельшчыны за запрашэнне на ўрачыстыя мерапрыемствы ў гонар 80-годдзя Перамогі і назвалі свой візіт прадукцыйным.