Эканомiка
Гомельскія прадпрыемствы прадставілі сваю прадукцыю на "Белагра"
04.06.2024

На плошчах індустрыяльнага парку "Вялікі камень" стартуе 34-я Міжнародная спецыялізаваная выстава "Белагра-2024".
Больш як 490 кампаній і прадпрыемстваў з розных краін свету, у тым ліку з Манголіі і краін Афрыкі, прэзентуюць свае дасягненні ў машынабудаванні, вытворчасці тавараў сельгаспрызначэння, прадуктаў харчавання, заатэхнікі, селекцыі.
На выставе прадстаўлены і прадпрыемствы Гомельшчыны. У форуме бярэ ўдзел старшыня аблвыканкама Іван Крупко.
"Белагра" працягнецца да 9 чэрвеня. Экспазіцыйная плошча складае больш за 32 тысячы квадратных метраў.
На урачыстым адкрыцці аграпрамысловай выстаўкі першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Федчанка падкрэсліў, што за гады незалежнасці нашай краіны ў АПК зроблена шмат, у тым ліку дзякуючы палітыцы Прэзідэнта:
– Мы практычна на 100% забяспечваем харчовую бяспеку Беларусі. Рэспубліка ўваходзіць у пяцёрку экспарцёраў малака і малакапрадуктаў, у топ-15 экспарцёраў мяса і мясапрадуктаў. Наша краіна ў сусветных лідарах па вытворчасці сельскагаспадарчых прадуктаў на душу насельніцтва. Такія вынікі забяспечаны пры падтрымцы дзяржавы і асабістай увагі Прэзідэнта. Нельга забываць і пра ўпартую працу аграрыяў. Акрамя таго, нам дапамагалі Міністэрства прамысловасці, вучоныя і спецыялісты НАН Беларусі.
Традыцыйна Гомельская вобласць выставіла на "Белагра" навінкі як перапрацоўчай галіны, так і прамысловай.
Напітак на аснове малочнай сыроваткі з мультыфруктовым сокам прэзентуе "Мілкавіта", згушчонку з какосам і цукеркі з сухога малака – Рагачоўскі МКК, набор для барбекю – Калінкавіцкі мясакамбінат.
Іван Крупко пажадаў прадпрыемствам паспяховай прэзентацыі і новых партфеляў заказаў.
Паўднёва-ўсходняму рэгіёну Беларусі ёсць чым здзівіць гасцей аграпрамысловага тыдня і ў пытаннях тэхнікі: дажджавальная машына ад "Гомсельмаша", сістэма захвату рулонаў сена, саломы і лёну ад "Гомельагракамплекта" і іншыя ўзоры абсталявання вывучаюць прадстаўнікі замежных дэлегацый з перспектывай заключэння новых кантрактаў. Асаблівая цікавасць – у Бранскай вобласці.
– Бранская вобласць зацікаўлена ў развіцці партнёрскіх адносін. Яна хоча развіваць мяса-малочную галіну ў сябе, у гэтым пытанні гатова супрацоўнічаць з намі, у тым ліку з перапрацоўчымі прадпрыемствамі, – расказаў журналістам старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гомельскага аблвыканкама Вадзім Нагорны.