Эканомiка
Гомельшчыну наведала рэгіянальная рабочая група, узначаліў якую памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Горлаў
06.02.2024

У склад групы ўвайшлі прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта, Міністэрства эканомікі, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Акадэміі навук, Нацыянальнага банка.
На прыкладзе работы мазырскіх прадпрыемстваў спецыялісты разгледзелі вытворчую ўстойлівасць, эфектыўнасць тэхнічнага перааснашчэння, гаварылі аб інвестыцыях і імпартазамяшчэнні.
Паспяховую адаптацыю да сучасных патрабаванняў рынку прадэманстравалі гасцям на ААТ "Мазырсоль". Санкцыйныя абмежаванні сталі стымулам да пошуку новых магчымасцей і шляхоў развіцця. Праведзена вялікая работа па зніжэнню затрат прадукцыі. Удалося ўстанавіць новы рэкорд: у 2023 годзе работнікі прадпрыемства вырабілі яе 579,8 тысячы тон.
– Праведзеная праца ва ўмовах вострай канкурэнцыі дазволіла мазыранам заняць вядучае месца на рынку асноўнага спажыўца – Расійскай Федэрацыі. Гэтаму вопыту па зніжэнні затрат і заваёве рынкаў павінны вучыцца і астатнія беларускія прадпрыемствы. Трэба даходзіць да кожнага цэха, тэхналагічнай аперацыі, каб знаходзіць выдаткі, якія можна скараціць, павысіць канкурэнтаздольнасць прадукцыі. Уражвае дасягнуты ўзровень заработнай платы, створаныя бытавыя ўмовы для работнікаў на вытворчасці, – падзяліўся ўражаннямі Юрый Горлаў.
Ён падкрэсліў, што ААТ "Мазырсоль" – гэта ўзор для беларускіх прадпрыемстваў.
Эканамічны патэнцыял раёна прадстаўнікі рабочай групы аналізавалі на "Мазырскіх малочных прадуктах" і ў "Слабадскім імя Леніна". Адзначана, што кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача адысці ад старых малочнатаварных ферм, на якіх прадукцыя вырабляецца з высокімі затратамі. Галоўная задача цяперашняга часу – укласціся ў будаўніцтва новых жывёлагадоўчых комплексаў, каб знізіць сабекошт прадукцыі і павялічыць яе вытворчасць. За мінулы год у Мазырскім раёне з дзяржпадтрымкай былі пабудаваны два такія комплексы.
– Гэтая тэма актуальная для Беларусі. Мы маем вялікія рэзервы для вытворчасці і перапрацоўкі малака, рэалізацыі прадукцыі на знешніх рынках. Перспектывы вельмі добрыя, – рэзюмаваў памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці.
Рабочая група на чале з Юрыем Гарловым вывучыла эканамічны патэнцыял Светлагорскага раёна. Разгледжаны эфектыўнасць інвестыцыйнай дзейнасці прадпрыемстваў, перспектыўныя напрамкі рэалізацыі прадукцыі і шляхі вырашэння цяжкасцей, выкліканых санкцыйнай палітыкай заходніх краін.
Першым адрасам стала ААТ "Светлагорскі ЦКК" – флагман папяровай і дрэваапрацоўчай прамысловасці не толькі рэгіёна, але і краіны. Рэалізацыя тут маштабнага інвестыцыйнага праекта па вытворчасці беленай сульфатнай цэлюлозы дазволіла вывесці перапрацоўку драўніны на больш высокі ўзровень. Айчынныя спажыўцы забяспечаны якаснай сыравінай, частка прадукцыі рэалізуецца на замежныя рынкі. Дадатныя вынікі дзейнасці сталі добрай асновай для далейшай мадэрнізацыі вытворчасці.
Генеральны дырэктар прадпрыемства Юрый Крук расказаў аб ходзе рэалізацыі інвестыцыйнага праекта па выпуску паперы шырокага дыяпазону шчыльнасці, якая пойдзе на замяшчэнне імпартнай сыравіны і будзе выкарыстана для вырабу ўпакоўкі харчовых тавараў, будаўнічых матэрыялаў. Паводле прагнозаў, камбінат атрымае дадатковы прыбытак у памеры да мільёна долараў ЗША за год.
Прадстаўнікі рабочай групы цікавіліся, як Светлагорскі ЦКК спраўляецца з набыццём неабходных інгрэдыентаў або іх замяшчэннем аналагамі айчыннай вытворчасці. Перагледжаны падыходы да вырашэння гэтай задачы на карысць кампаній з дружалюбных краін, у першую чаргу Расіі і Кітая, таксама ствараецца неабходны запас на больш працяглы перыяд.
Наступны аб'ект увагі рабочай групы – ТАА "Амета-Электрод". У мінулым годзе прадпрыемства змяніла інвестара, ім стаў Магнітагорскі электродны завод. Санкцыі на час стварылі пэўны дэфіцыт электродаў не толькі на айчынным рынку, але і ў краінах Садружнасці. Тым не менш калектыў "Амета-Электрод" прыкладае намаганні, каб забяспечыць у першую чаргу айчынных спажыўцоў якаснай прадукцыяй.
У завяршэнне паездкі члены рабочай групы наведалі мемарыяльны комплекс "Ала".