Эканомiка
Гатоўнасць аб'ектаў АПК да зімы вывучалі ў Чачэрскім раёне
11.10.2024

Выязная нарада па пытаннях гатоўнасці жывёлагадоўчых аб'ектаў сельскагаспадарчых арганізацый да зімова-стойлавага перыяду праходзіла на базе Чачэрскага раёна.
Пасяджэнне праводзіў старшыня аблвыканкама Іван Крупко. У нарадзе прымаў удзел памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Горлаў.
Камітэтам па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама распрацаваны графік падрыхтоўкі аб'ектаў. Ён прадугледжвае завяршэнне работ 1 лістапада. На гэты момант поўнасцю гатовы да зімы 422 аб'екты, дакладна па графіку ідуць гаспадаркі Мазырскага, Брагінскага і Светлагорскага раёнаў.
На асаблівым кантролі застаецца падрыхтоўка ферм Добрушскага, Рэчыцкага і Жлобінскага раёнаў.
– Падрыхтоўка гаспадарак да зімы ў тэрмін – зона вашай асабістай адказнасці, – папярэджанне ад губернатара старшыням райвыканкамаў. – Правесці ачыстку адрын, адрамантаваць агароджы і ўваходныя групы, добраўпарадкаваць тэрыторыю.
Пасяджэнне завяршылася абмеркаваннем планаў на найбліжэйшыя дзесяць дзён.
– Дзяржава падстаўляе плячо аграпрамысловаму комплексу. Кіраўнікі раёнаў павінны наладзіць работу так, каб сельгаспрадпрыемствы былі гатовы да зімы своечасова, прытрымлівайцеся складзеных графікаў, – падагуліў памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Горлаў.
Кіраўнік падкрэсліў, што калі кожны будзе добрасумленна выконваць свае абавязкі на месцах, вынікі работы і паказчыкі будуць значна вышэйшыя.
Другая частка нарады – практычная, на фермах Чачэрскага раёна.
МТФ «Роўкавічы» КСУП «РоўкавічыАгра» – першы пункт маршрута. У цэлым ферма гатова да зімова-стойлавага перыяду. У той жа час старшыня аблвыканкама і памочнік Прэзідэнта зрабілі некаторыя заўвагі.
Напрыклад, дырэктару гаспадаркі даручылі прапрацаваць пытанне абсталявання вентыляцыі ў кароўніках, раўнамернай раздачы кармоў, устанавіць карткі з паказчыкамі статка. Акрамя таго, неабходна сачыць за якасцю кармоў.
– За тэхналогію адказвае гаспадарка, за парадак – райвыканкам, – рэзюмаваў кіраўнік рэгіёна.
МТФ «Покаць» ААТ «Звязда» – яшчэ адзін аб'ект, які наведалі ўдзельнікі выязной нарады.
На ферме абмеркавалі тэхналогію вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі, магчымыя варыянты арганізацыі сістэмы даення і вадапою.
Сур'ёзных заўваг кіраўнікі не зрабілі, ёсць на ферме толькі нязначныя недапрацоўкі, якія будуць ліквідаваны ў бліжэйшы час.