Эканомiка
Дзяржаўны прыродны рэсурс абмеркавалі ў рамках аператыўнай нарады абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету
21.02.2024

Выкананне даручэнняў Прэзідэнта і вынікі кантрольнай дзейнасці інспекцый вобласці за 2023 год былі ў цэнтры ўвагі чарговай нарады ў аблвыканкаме.
У ёй прынялі ўдзел першы намеснік старшыні аблвыканкама Дзмітрый Петражыцкі, намеснік начальніка Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Юрый Коўшык, выконваючы абавязкі начальніка Гомельскай абласной інспекцыі Андрэй Петрусевіч.
Адзначалася, што ў мінулым годзе абласной і міжраённай інспекцыямі Гомельскай вобласці праведзены 1044 палявыя мерапрыемствы, з якіх 338 ажыццяўляліся сумесна з праваахоўнымі, сілавымі, кантралюючымі органамі і арганізацыямі. У выніку гэтых мерапрыемстваў выяўлена 467 парушэнняў, у тым ліку незаконнае захоўванне агнястрэльнай зброі і парушэнне правілаў абыходжання з ёй, выбухованебяспечнымі і лёгкаўзгаральнымі рэчывамі, парушэнне правілаў лесакарыстання, рыбалоўства і палявання.
Інспекцыямі вобласці накіравана 230 матэрыялаў для правядзення праверак па кампетэнцыях розных ведамстваў. У кожным падраздзяленні Гомельскай абласной інспекцыі наладжана ўзаемадзеянне з Мінлясгасам і Мінпрыроды, тэрытарыяльнымі органамі УУС, ДПК, пракуратурай, ГУБАЗіК і ДФР.
Падводзячы вынікі работы за 2023 год, Юрый Коўшык адзначыў, што ўсе інспекцыі вобласці спрацавалі на добрым, прафесійным узроўні.
Загадам начальніка Дзяржаўнай інспекцыі за значны ўклад у станаўленне і развіццё ведамства работнікі тэрытарыяльных падраздзяленняў узнагароджаны юбілейнымі медалямі і нагрудным знакам адзнакі.
За высокія паказчыкі ў службовай дзейнасці, узорнае выкананне ўскладзеных задач і функцый шэраг работнікаў адзначаны граматамі і падзякамі Дзяржаўнай інспекцыі, а таксама Камітэта дзяржаўнага кантролю – за эфектыўнае ўзаемадзеянне з органамі фінансавых расследаванняў.