Эканомiка
"Беларуснафта" плануе выйсці не менш як на 290 тыс. м праходкі горных парод у 2025 годзе
04.02.2025

Фота з архіва "Беларуснафты"
"2024 год вызначыўся рэкорднымі гадавымі паказчыкамі па праходцы - 280 714 м. Мэта на гэты год - прайсці не менш за 290 тыс. м", - агучылі планы на прадпрыемстве.
У цыкле асваення новых свідравін асноўны ўпор кампанія робіць на тэхналогію гідраразрыву пласта як найбольш прагрэсіўную пры распрацоўцы цяжказдабыўных запасаў нафты. "У 2024-м на свідравінах выконваліся работы з прымяненнем тэхналогіі многастадыйнага гідраразрыву пласта (ГРП) па метадзе Plug&Perf - гэта дало магчымасць выканаць 707 стадый ГРП на 113 свідравінах, у 2025-м плануецца выкананне 841 стадыі на 118 свідравінах", - адзначылі на прадпрыемстве.
Адным з эканамічна эфектыўных спосабаў па зніжэнні затрат на будаўніцтва свідравін на прадпрыемстве бачаць перавод аб'ектаў бурэння на работу ад крыніц знешняга электразабеспячэння. У мінулым годзе да знешніх сетак падключылі 95 аб'ектаў, уведзены новыя падстанцыі. Таксама ў распараджэнні нафтавікоў з'явіліся дзве новыя мабільныя падстанцыі для падключэння буравых установак вялікай магутнасці.
Кіраваць вытворчымі працэсамі дапамагае і лічбавізацыя асноўных напрамкаў дзейнасці "Беларуснафты". "З 1 ліпеня 2024 года на ўсіх аб'ектах нафтагазаздабыўнога ўпраўлення працуе інтэлектуальная сістэма "Лічбавае радовішча". Паўнацэнна вядзецца планаванне месячнай здабычы нафты і запампоўкі вады, улік і закрыццё сутачных і месячных велічынь. Упершыню было выканана гадавое закрыццё здабычы нафты і газу, запампоўкі вады ў лічбавым фармаце. Сфарміраваны нормы адбору на 2025 год па ўсіх свідравінах з пасутачным графікам работы. Сістэма актыўна дапамагае кантраляваць і аналізаваць функцыянаванне асноўных аб'ектаў нафтаздабычы. Гэта дае магчымасць больш эфектыўна выкарыстоўваць рэсурсы і мінімізаваць адхіленні і непрадукцыйны цыкл работы", - расказаў начальнік нафтагазаздабыўнога ўпраўлення "Рэчыцанафта" Аляксандр Цыбранкоў.
Таксама ў 2024 годзе праведзены падрыхтоўчыя работы для выкарыстання ў свідраванні інфармацыйна-аналітычнай сістэмы "Контур", якая дапаможа аналізаваць даныя з розных інфармацыйных сістэм у рэжыме рэальнага часу. Пачалося і канцэптуальнае праектаванне ІАС "Лічбавая геолагаразведка" як часткі агульнай стратэгіі лічбавізацыі "Беларуснафты", дадалі ў кампаніі.
Вытворчае аб'яднанне "Беларуснафта" створана ў 1966 годзе. Прадпрыемства вядзе пошук, разведку і распрацоўку нафтавых радовішчаў, бурэнне свідравін, здабычу нафты і спадарожнага нафтавага газу ў Беларусі, працуе ў нафтавай сферы іншых краін.